У Офісе Ціханоўскай пракаментавалі рашэнне камітэта Сейма пра ВНЖ для беларусаў

Святлана Ціханоўская і кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайтэ

Святлана Ціханоўская і кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайтэ / @tsikhanouskaya

У Офісе Святланы Ціханоўскай мяркуюць, што яшчэ ёсць шанец пераканаць чальцоў Сейма Літвы падтрымаць прапанову літоўскага МУС наконт павелічэння тэрміну ВНЖ для беларусаў да трох гадоў. Такі пункт гледжання выказаў дарадца Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю рэсурсу "Позірк".

Напярэдадні Камітэт нацыянальнай бяспекі і абароны (КНБА) Сейма Літвы не падтрымаў папраўку міністаркі ўнутраных спраў Агне Білатайтэ ў закон "Аб прававым статусе замежнікаў". Гэтая папраўка прадугледжвала павелічэнне тэрміну дзеяння гуманітарнага віду на жыхарства для беларусаў з аднаго да трох гадоў.

“Мы разумеем, што Камітэт па нацыянальнай бяспецы — гэта профільны камітэт. Звычайна галасаванне ў галоўным камітэце — сканер будучага галасавання на пленарным пасяджэнні Сейма. Але ёсць і выключэнні, і я працягваю думаць, што ў нас ёсць шанец пераканаць дэпутатаў: прапанова МУС — прадуманая, рацыянальная і разумная", — сказаў Лябедзька.  На яго думку, гэтае галасаванне — не кропка, а хутчэй коска. У любым выпадку, адзначыў ён, "мы дакладна не прайграем, бо выдача ВНЖ на год застанецца ў любым выпадку, але мы пастараемся выйграць, падняўшы планку яго дзеяння да трох гадоў".

Лябедзька таксама адзначыў, што ў Офіса Святланы Ціханоўскай ёсць устойлівая сістэмная камунікацыі з Сеймам Літвы. Працуе міжфракцыйная дэпутацкая група "За дэмакратычную Беларусь". І Офіс мае намер і далей пашыраць прававыя магчымасці для беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве.

Пра тое, што праца з дэпутатамі Сейма па падтрымцы папраўкі МУС будзе працягнутая, паведаміў яшчэ адзін дарадца Святланы Ціханоўскай — Франак Вячорка. Ён нагадаў, што гэтую прапанову — наконт падаўжэння ВНЖ для беларусаў да трох гадоў — падтрымалі і прэм'ер Літвы, і спікер Сейма. Але перад тым як выставіць пытанне на галасаванне, некалькі камітэтаў мусяць даць свае рэкамендацыі. Камітэт па нацыянальнай бяспецы выказаўся супраць. "Спадзяёмся, іншыя камітэты будуць мець дастаткова мудрасці прыняць правільнае рашэнне. Мы працягваем працаваць над гэтым пытаннем і абараняць інтарэсы беларусаў", — адзначыў Вячорка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі