Офіс Ціханоўскай хоча абмеркаваць у сейме Літвы прававое становішча беларусаў
Літва
Прававое становішча беларусаў у Літве хоча абмеркаваць офіс Святланы Ціханоўскай на слуханнях у сейме, паведамляе "Позірк".
Па словах яе дарадцы Анатоля Лябедзькі, офіс Ціханоўскай "будзе замагацца, каб беларусы адчувалі сябе нармальна ў любой еўрапейскай краіне". Так ён пракаментаваў ініцыятыву шэрагу літоўскіх парламентарыяў абмежаваць выдачу беларусам часовага віда на жыхарства (ВНЖ).
Слуханні і дыскусія ў сейме ў фармаце пашыраннага пасяджэння Камітэта па міжнародных пытаннях і групы дэпутатаў "За дэмакратычную Беларусь" прызначаныя на 14 снежня. Лябедзька адзначае, што гэта штогадовае мерапрыемства, але сёлета яго тэмай будзе “сітуацыя з выбарамі і адпаведнымі заканадаўчымі ініцыятывамі”. Менавіта таму офіс Ціханоўскай хоча "засяродзіцца на абмеркаванні становішча беларусаў у прававым полі Літвы".
Некаторыя літоўскія парламентарыі прапануюць накласці на беларусаў такія ж санкцыі, як на расіян. Яны аргументуюць гэта тым, што 80% беларускай эміграцыі складаюць эканамічныя мігранты, а не палітычныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.