Беларуса выслалі з Літвы нягледзячы на 17 гадоў пражывання

Мяжа Беларусі і Літвы

Мяжа Беларусі і Літвы

Беларуса Аляксея, які пражыў у Літве 17 гадоў, прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы і напрыканцы лістапада 2023-га аддзялілі ад сям'і ды выслалі ў Беларусь, піша Delfi.

У Літве ў яго засталіся жонка і двое непаўналетніх дзяцей. Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы (ДДБ) вырашыў, што мужчына ўяўляе пагрозу для Літвы, бо 20 гадоў таму ён служыў у беларускім войску.

Аляксей жыў у Літве з 2006 года, калі ажаніўся з тутэйшай грамадзянкай. Мужчына меў часовы від на жыхарства, які пастаянна падаўжаў. Сёлета ў лютым тэрмін дзеяння дакумента скончыўся, і беларус звярнуўся па яго падаўжэнне.

Адказу чакаць давялося дзевяць месяцаў. У выніку яго прызналі пагрозай нацбяспецы. Памежнікі на сваёй машыне адвезлі яго на мяжу і адправілі ў Беларусь. Па словах жонкі, мужчыну не далі ні падрыхтавацца, ні сабрацца, ні абскардзіць рашэнне. З абскарджаннем ён звярнуўся ўжо з Беларусі, дзе цяпер жыве ў бацькоў. У Літву яму нельга вяртацца цягам 30 месяцаў.

У адказе Дэпартамента міграцыі Літвы гаворыцца, што ў 2000-2002 гадах ён служыў у беларускім войску, а ў 2003-2004 гадах служыў паводле кантракту — значыць, "павінен быць лаяльным грамадзянінам Беларусі, які падтрымлівае яе ўладу і агрэсіўную знешнюю палітыку гэтай улады, якая ўяўляе пагрозу нацбяспецы Літвы".

Па словах жонкі, Дэпартамент дзяржбяспекі не падаў звесткі, што Аляксей мог супрацоўнічаць з беларускімі спецслужбамі. У Дэпартаменце міграцыі гэта пацвердзілі, але заявілі, што спецслужбы могуць выкарыстаць Аляксея для выканання розных задач.

Таксама у ДДБ Літвы адзначылі, што Аляксей часта ездзіць у Беларусь. А гэта, на думку літоўскай спецслужбы, "павышае рызыку прадастаўлення інфармацыі і супрацоўніцтва з беларускімі службамі". Жонка беларуса кажа, што да пандэміі яны амаль кожныя выходныя ездзілі ў Беларусь: "Чаму чалавек не можа ездзіць да бацькоў? Так, мы раней амаль кожныя выхадныя ездзілі, да пандэміі. Там не толькі яго бацькі жывуць, там пахаваная мая мама, мы не ездзім туды проста так".

У лістападзе ў ДДБ Літвы заявілі, што беларускі КДБ вельмі актывізаваў сваю дзейнасць. Таксама літоўскія палітыкі заяўляюць, што беларуская эміграцыя на 80% з'яўляецца эканамічнай, а не палітычнай, таму да яе трэба ўвесці тыя ж санкцыі, што і да расіян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі