Анатоля Лябедзьку аштрафавалі амаль на 4 мільёны рублёў
Суд Савецкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства 2 сакавіка.
Штраф у 3 мільёны 900 тысяч рублёў (30 базавых велічыняў) прызначыў намеснік старшыні суда Эдуард Якубоўскі. Сам Анатоль Лябедзька віны не прызнаў, перадае БелаПАН.
Перадвыбарчы пікет кандыдата ў дэпутаты Артура Фінькевіча адбываўся на пляцоўцы каля Камароўскага рынку.
Пры разглядзе матэрыялаў справы выявілася, што высновы аб парушэнні заканадаўства ў міліцыі зрабілі на падставе паказанняў аднаго з ахоўнікаў Камароўскага рынку. Пры гэтым самога сведку дапытаць у судзе не ўдалося, бо ён зараз нібыта ў адпачынку і знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці.
У матэрыялах справы таксама ёсць інфармацыя з Мінгарвыканкама, што на 2 сакавіка ні кандыдаты ў дэпутаты ад АГП, ні іх давераныя асобы заяўкі на правядзенне пікетаў не падавалі.
Аднак Фінькевіч у судзе пацвердзіў, што паведамляў Мінскі гарадскі выбаркам пра намер правесці пікет. Ён кажа, што звесткі пра наведванне камісіі былі зафіксаваныя ў Мінгарвыканкаме, дзе і размяшчаецца камісія.