Анна Марыя Ёпэк: Я полька. І гэта добра. Бо ў свеце шмат чаго, а полек мала
Знакамітая польская спявачка пра працу з Патам Мэтані, свой выступ на “Славянскім базары” 20 гадоў таму і ўласнае развіццё.
Анна Марыя Ёпэк — адна з самых вядомых польскіх спявачак. За час сваёй музычнай кар’еры, а ёй усяго 44, Анна Марыя выдала 9 залатых і 7 плацінавых дыскаў. І засвяцілася ў яскравых дуэтах. Найперш, з сусветна вядомым гітарыстам Патам Мэтані, майстрам боса-новы Оскарам Кастра-Нэвесам, джазмэнам Бобі Макфэрынам.
“Вельмі цяжка казаць, хто найбольш паўплываў на мяне, бо кожны музыка прыходзіў у маё жыццё ў адпаведны момант, — кажа спявачка на прэс-канферэнцыі перад канцэртам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. — Калі памёр мой тата, да мяне прыехаў Оскар Кастра-Нэвес, вялікі музыка боса-новы. І яго музыкальнасць, дабрыня і падтрымка ўратавалі тады маё жыццё.
Але калі казаць пра тое, што спрацавала лепш, чым усе школы, гэта было супрацоўніцтва з Патам Мэтані падчас запісу кружэлкі "Upojenie". Гэта абсалютна геніяльны чалавек, які ўсяго сябе прысвячае служэнню музыцы. Мы былі ў студыі тыдзень. Спалі па 4 гадзіны, а астатніх 20 гадзін былі цалкам сканцэнтраваныя на гукавым матэрыяле. Нібыта свет увогуле не існаваў, і нас не тычыліся ані голад, ані стома. І я зразумела тады, у чым заключаецца геній гэтага чалавека. Ён атрымаў надзвычайны талент, але пры гэтым мае да сябе вельмі высокія патрабаванні. Не было ні адной ноты, якую б ён узяў не свядома. Асобы, якім дадзена так шмат, падавалася б, маглі б жыць лёгка, але яны працуюць значна больш, чым кожны рамеснік, і з'яўляюцца для нас найлепшым узорам таго, як трэба ставіцца да музыкі”.
У Беларусь Анна Марыя Ёпэк прыехала другі раз. А першы — гэта было 20 гадоў таму. Тады яшчэ нікому не вядомая дзяўчына, студэнтка-піяністка варшаўскай Акадэміі музыкі вырашыла паспрабаваць сябе на “Славянскім базары-1994” у Віцебску.
“Тады я не грала канцэртаў, але мела вялікую мару, — прыгадвае Анна. — І я спявала ў Віцебску з аркестрам! Гэта сапраўды фантастычна, што конкурс для пачаткоўцаў быў у такім аздабленні! Я праспявала дзве песні і, да майго здзіўлення, была высока адзначаная Мішэлем Легранам, які быў тады шэфам журы. І гэта быў першы момант у маім жыцці, калі я падумала, што хачу прафесійна займацца спевамі. Я тады зразумела, што мае мары могуць рэалізавацца. Так, сапраўды мае крылы разгарнуліся тут, у Беларусі. Таму цудоўна сюды вярнуцца праз 20 гадоў. І мяне цешыць, што гэтым разам у мяне баліць жывот з-за такога добрага хвалявання, бо я вельмі люблю выступаць. І гэта крута, граць для вас праз столькі гадоў, за час якіх здзейсніліся мае мары”.
Падчас прэс-канферэнцыі музычны журналіст Зміцер Падбярэзскі нагадвае Анне Марыі, што з прызам ад Мішэля Леграна ў 1994 годзе яна атрымала яшчэ прыз ад прэсы – “Саламяны капялюшык”.
“Гэта праўда! — Анна расчуленая. І нават кідаецца на шыю Змітру! — Гэта праўда! Капялюш не ўцалеў — мушу быць шчырай. Цягам часу столькі рэчаў згубілася. Але маё сэрца засталося тут. Бо гэта быў для мяне, няўпэўненай дэбютанткі, цудоўны момант старту. Дыплом у мяне таксама не захаваўся. Але я маю яго тут, у сэрцы”.
Анна Марыя выступае на розных пляцоўках. Ёй скарыліся Carnegie Hall, Hollywood Bowl і іншыя буйныя пляцоўкі свету. Але лепш за ўсё спявачка адчувае сябе ў роднай Польшчы. І ў… Японіі.
“Артыст мусіць умець слухаць публіку, — перакананая Анна Марыя. — І я спадзяюся, што навучылася гэта рабіць. І кожны вечар, сыходзячы са сцэны, я адчуваю, што штосьці адбылося паміж мной і гледачамі.
Ёсць два месцы на свеце, дзе мне лёгка выступаць. Першае — гэта, натуральна, Польшча, дзе публіка мяне вельмі любіць, дзе я яшчэ нічога не праспявала, а людзі ўжо шчаслівыя. Але гэта вельмі разнявольвае. Лічу, што калі б я выступала толькі перад такой публікай, я б была распушчанай і кепскай. Таму я мушу ездзіць да людзей, якія мяне ніколі не бачылі. І мне цікава назіраць, як бліжэй да пятага твору гледачы пачынаюць прыймаць мяне. І я, як імправізатар, мушу заўсёды знаходзіць такую музыку, якая можа дапамагчы ў гэтай камунікацыі. Але ўсё ж для супрацьвагі я мушу мець такое месца, як Польшча. Другое месца, дзе мне лёгка выступаць — гэта Японія. Японцы валодаюць уменнем канцэнтравацца, і ўжо з першага такту цалкам аддавацца таму, што адбываецца на сцэне. Адпаведна, з першага такту трэба быць на вышыні сваіх магчымасцяў. Гэта два месцы, дзе, напэўна, мне лёгка выступаецца. Але ў жыцці заўсёды нас развіваюць больш складаныя рэчы”.
Нядаўна Анна Марыя зацікавілася дзейнасцю знакамітага сваімі наватарскімі знаходкамі “Тэатра Песень Казла” (“Teatr Piesn Kozla”) Гжэгажа Браля. І папрасіла рэжысёра прывесці яе на майстар-клас.
“Мне падабаецца рабіць тое, чаго я яшчэ не ўмею, — тлумачыць свой крок Анна Марыя. — А калі ўжо нешта ўмею, то мяне гэта перастае цікавіць, і я бяруся за нешта іншае. Напрыклад, я люблю вакальную музыку і люблю яе ствараць. Але калі я пачула пра “Тэатр Песень Казла” і іх музыку, то захацела пайсці павучыцца ў іх. То бок, я зразумела, што яны ведаюць больш, чым я, і мне карцела паспрабаваць іх праўды. "Тэатр Песень Казла" — гэта міжнародны тэатр, і людзі, якія ў ім працуюць, не маюць канкрэтнай спецыялізацыі. Яны з'яўляюцца і спевакамі, і танцорамі, і акрабатамі. І іх нічога не абмяжоўвае: ні мастацтва, ні цела, ні магчымасці. Гжэгаж Браль сказаў мне, што шкада марнаваць час на майстар-класы, і прапанаваў адразу прыехаць да іх працаваць на цэлы месяц. Акурат былі вакацыі, і я ведала, што мае дзеці будуць занятыя, таму пагадзілася на прапанову Гжэгажа. Я трапіла ў незвычайныя ўмовы. Гэта было жыццё ў камуне ў здымнай кватэры ў Эдынбургу, дзе нам даводзілася запісвацца ў чаргу ў душ. Гжэгаж рэпетаваў з намі па 12 гадзін. Гэты досвед вярнуў мяне назад у студэнцтва. Але гэта было вельмі цікава. Мы працавалі з шатландскімі песнямі, спявалі на першароднай гэльскай мове. А Мацей Рыхлы напісаў фенаменальную паліфанічную музыку на 12 галасоў да гэтых песень, і я мусіла вывучыць на памяць паўтарагадзінную партытуру для вандруючага голасу. Праца ў праекце стала для мяне вялікай акцыяй пакоры і вельмі добрым досведам, пасля якога я вельмі цаню тое, што сёння магу тут спяваць сола і ні да каго не мушу прыстасоўвацца”.
Анна Марыя Ёпэк прыехала ў Мінск разам з трыма музыкамі. Пра іх спявачка можа распавядаць гадзінамі.
“Гэта выбітныя польскія музыкі, якія да таго ж займаюцца сваімі ўласнымі праектамі. Я заўсёды з задавальненнем працую з артыстамі, якія, апроч майго свету, маюць свой свет, бо людзі, якія маюць багатае жыццё, з радасцю даюць нешта іншым.
Кшыштаф Хэрдзін
Сёння са мной працуе выбітны аранжыроўшчык, піяніст, кампазітар, мультыінструменталіст Кшыштаф Хэрдзін. Ён запісаў 200 кружэлак. Сярод іх цудоўныя творы для вялікага сімфанічнага аркестра. Гэта вялікі талент. І я заўсёды з зайздрасцю гляджу, як ён у бусе раскладае свой айпэд і піша з галавы партытуру для вялікага складу аркестра. Яшчэ фантастычна ў Кшыштафе тое, што ён грае на ўсіх інструментах і добра ведае спецыфіку кожнага з іх. Напрыклад, адмыслова для нашага праекта Кшыштаф навучыўся граць на некалькіх інструментах. І гэта не праблема для яго. Ёсць інструменты, якія ён купляе ўначы ў інтэрнэце, у наступную ноч чытае, як на іх граць, затым цягам дня вучыцца граць і грае потым так, нібыта вучыўся гэтаму некалькі гадоў.
Роберт Кубішын
Другі мой калега, Роберт Кубішын, адзін з найлепшых басістаў у Польшчы. Гэта ўсебаковы музыка, які геніяльна грае на кантрабасе і басе, і да таго ж, выдатны гукарэжысёр. Ён робіць сапраўды фантастычную прадукцыю ў вельмі розных музычных жанрах. Таксама Роберт з’яўляецца майстрам тэхналогій. У нас на сцэне ёсць некалькі сучасных прылад, якія гучаць так, нібыта мы ляцім у космас. Я ў гэтым не разбіраюся. І калі набываю сабе якую-небудзь прыладу, напрыклад, войс-лайф, з якім часам спяваю, і які мультыплікуе мой голас, Роберт яго заўсёды паграмуе. Я толькі націскаю. У Роберта ёсць свае сольныя кружэлкі. І я вельмі раю іх паслухаць.
Пётр Назарук
Пётр Назарук — стваральнік незвычайнага хора “Трэцяя гадзіна дня”, які выконвае музыку госпел. Пётр кіруе гэтай фармацыяй, вельмі вядомай і любімай у Польшчы. Апроч таго Пётр, піша шмат музыкі для тэатру. Ён родам з Беластока, і выкладае ў тамтэйшай тэатральнай акадэміі. Але я мяркую, што толькі ў маім праекце Пётр Назарук спявае і грае. Таму што ў астатніх праектах ён выступае больш як выкладчык і дырыжор. Я чую асабістую адказнасць за тое, што дала яму прастор у гэтай праграме, каб яго музычнасць і талент маглі засвяціцца. І каб усе ўбачылі невядомы бок гэтага чалавека. Пётр вельмі сціплы, пакорлівы і незвычайна таленавіты. Апынулася, што ён яшчэ і мультыінструменталіст”.
А яшчэ Анна Марыя кажа пра сябе так:
“Я вельмі адчуваю сябе полькай. І я лічу, што гэта добра. Бо ў свеце ёсць шмат усяго, а полек мала”.
Фота з канцэрта Аляксандра Горбаша, а таксама Марціна Кудрыньскага, Ізы Урбаняк і Мартыны Гумулы