Аператару "БелСел" не працягнулі ліцэнзію
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі адмовіла яму ў працягненні ліцэнзіі на здзяйсненне дзейнасці ў галіне сувязі.
Паводле пастановы Мінсувязі, рашэнне прынятае з улікам парушэнняў патрабаванняў і ўмоваў ажыццяўлення дзейнасці. Не было выкананае галоўнае патрабаванне — не забяспечана пакрыццё тэрыторыі, на якой пражывае 90% насельніцтва Беларусі, а таксама асобных участкаў аўтадарог.
Ліцэнзія "БелСел" дзейная да 23 студзеня 2014 года.
"Интерфакс-Запад" нагадвае, што сумеснае беларуска-нідэрландскае прадпрыемства "БелСел" было створана ў 1992 годзе. Праз 10 гадоў было атрыманае права на стварэнне сеткі cdma2000. У чэрвені 2006 года аператар увёў у камерцыйную эксплуатацыю тэхналогію перадачы дадзеных трэцяга пакалення EV-DO. У ліпені 2008-га адбыўся запуск тэхналогіі высакахуткаснай мабільнай перадачы дадзеных EV-DO Rev.A. Таксама аператар планаваў пабудаваць LTE у дыяпазоне 450 Мгц.