Арганізатары Дня Волі не хочуць плаціць міліцыі з-за выкраданняў і маніпуляцый

Арганізатары Дня Волі не хочуць плаціць міліцыі з-за выкраданняў і маніпуляцый

Арганізатары Дня Волі ў Мінску вырашылі адмовіцца ад аплаты паслуг міліцыі. Пра гэта паведаміў старшыня Руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч. На сваёй старонцы ў Facebook ён адзначыў, што "самі па сабе такія паборы сумнеўныя з кропкі гледжання Канстытуцыі, бо працу міліцыі мы аплацілі сваімі падаткамі і на масавыя мерапрыемствы маем законнае права". Але ў арганізатараў ёсць пытанні да выканання міліцыянерамі сваіх абавязкаў у Кіеўскім скверы, дзе 24 сакавіка прайшлі мітынг і канцэрт, прысвечаныя 101-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першая прэтэнзія арганізатараў да міліцыі — выкраданні. Падчас акцыі "невядомыя асобы выкралі з пляцоўкі, якая ахоўвалася міліцыяй, і звезлі ў невядомым накірунку Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага". А міліцыянеры гэтаму не перашкаджалі, падкрэслівае Губарэвіч. Калі Рымашэўскага неўзабаве адпусцілі, то Дашкевіч трапіў за краты, дзе і чакаў суду. Другая прэтэнзія — міліцыя не дазваляла "удзельнікам масавага мерапрыемства пакінуць тэрыторыю з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі". Трэцяя прэтэнзія — "маніпуляцыя з лічбай удзельнікаў". Міліцыя неаднаразова звярталася да арганізатараў "з паведамленнем, што колькасць удзельнікаў перавысіла заяўленую і заяўнікам мерапрыемства давядзецца даплаціць за паслугі міліцыі". Паводле міліцыянераў, сабралася да 1500 чалавек, але арганізатары з гэтым не згодныя.

2 красавіка заяўнікі перадалі ва ўпраўленне ўнутраных спраў гарвыканкама пісьмовую прэтэнзію аб скасаванні дамовы. Яны не выключаюць, што будзе зварот у суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі