Аргкамітэт БХД заяўляе пра палітычны пераслед актывістаў
Сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі атрымаў позву ў РУУС Савецкага раёна Мінска на 7 лютага. Супраць яго пачалі адміністрацыйную справу.
Паводле слоў Рымашэўскага, позвы пачалі атрымліваць і іншыя актывісты. Апошнім часам адбыліся інцыдэнты на пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты. Іх удзельнікаў здымалі на відэа "людзі ў цывільным", прычым рабілі гэта вельмі нахабна, запалохвалі людзей.
Вось што распавядае ў каментары Еўрарадыё Віталь Рымашэўскі:
"Рэжым дае магчымасць апазіцыйным сілам удзельнічаць у так званай выбарчай кампаніі толькі па сваім сцэнары. Каб мы заклікалі людзей на выбары... Мы сутыкнуліся з патрабаваннем зняць бел-чырвона-белую нацыянальную сімволіку, сутыкаемся з адкрытымі спробамі сарваць пікеты".
Аргкамітэт БХД звяртае ўвагу праваабарончых арганізацый, дэмакратычных урадаў замежных краін "на грубыя парушэнні законных правоў і інтарэсаў законных грамадзян Беларусі, палітычны пераслед хрысціянскіх дэмакратаў і фактычную забарону свабодных выбараў".
Нагадаем, выбары ў мясцовыя саветы ў Беларусі пройдуць 23 сакавіка.
Фота — bchd.info