Караткевіч вінавацяць у спробе набыць галасы з мінулых выбараў

Чарговы скандал у апазіцыі: выбарчы штаб Таццяны Караткевіч абвінавацілі ў спробе пакупкі падпісных аркушаў у іншай апазіцыйнай структуры. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што “купіць” спрабавалі подпісы… з выбараў 2010 года!

Пра магчымасць такой фінансава-падпісной махінацыі на сваёй старонцы ў адно з сацсетак напісаў экс-сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін. Праўда, пазней пост знік.

Допіс са стужкі Аляксея Шэіна, праўда, нікуды не знікаў, але ж размова не пра гэта, а пра спробу пакупкі старых подпісаў.

“Я напісаў толькі тое, што ведаў: людзі з кіраўніцтва БХД распавялі гісторыю пра тое, што да іх прыходзілі прадстаўнікі штаба Таццяны Караткевіч і прасілі купіць скапіяваныя падпісныя аркушы з кампаніі 2010 года ― тыя подпісы, якія збірала БХД за свайго кандыдата, ― распавядае Шэін. ― Але назваць прозвішча і хто канкрэтна прыходзіў, за колькі збіраўся купіць, я не магу, бо прозвішча я не ведаю. Самі людзі з кіраўніцтва БХД, якія мне гэта расказвалі, не гатовыя былі выносіць гэта ўсё з прозвішчамі на шырокую публіку”.

Шэін дадае, што сам ён, маючы досвед кампаніі 2010 года, і “ведаючы, як апазіцыйныя кандыдаты збіралі і падавалі подпісы”, абсалютна не здзівіўся б, калі такая спроба пакупкі была. І робіць нечаканае прызнанне.

Аляксей Шэін: “Я быў сустаршынёй БХД і сышоў з выбарчай кампаніі на моманце збору подпісаў, бо не бачыў прычын, каб удзельнічаць у гэтай кампаніі… Калі актыўна вяліся размовы паміж штабамі кандыдатаў пра тое, што кандыдаты актыўна дзеляцца падпіснымі аркушамі, перапісваюць подпісы адзін у аднаго, каму не хапае. І асабліва актыўна гэтыя размовы вяліся ў апошнія дні перад падачай подпісаў. І таму мяне не здзіўляе, што нехта прасіў купіць нейкія ксеракопіі”.

Але навошта ўдзельніку выбарчай кампаніі 2015 года подпісы за некага іншага чалавека, сабраныя 5 гадоў таму?

“У той час, калі я на этапе збору подпісаў займаўся кампаніяй БХД, нам некаторыя нашы актывісты перадавалі фальсіфікаваныя подпісы, ― прызнаецца экс-сустаршыня БХД. ― Гэта калі людзі, маючы доступ да нейкіх матэрыялаў, дзе змяшчаюцца нумары пашпартоў, прозвішчы людзей і прапіска, проста ўносілі іх у падпісны аркуш і самі ад рукі распісваліся. Не ведаючы, як павінен выглядаць подпіс гэтага чалавека. Але мы калі правяралі, то бачылі, што гэтыя подпісы сфальсіфікаваныя. А тут, калі ёсць адкапіяваны аркуш, ты бачыш подпіс чалавека, і не трэба прыдумляць нейкую закаручку ― яго можна проста перамаляваць. Гэта гатовая база, якую можна выкарыстоўваць!”

Добра, з тым, як старыя падпісныя аркушы можна скарыстаць на карысць дэмакратыі, разабраліся. Але як быць з тым, ці сапраўды базы БХД хацелі набыць хадакі ад Таццяны Караткевіч? Звяртаюся да “чалавека з кіраўніцтва БХД” ― Віталя Рымашэўскага. Той пагаджаецца каментаваць пры ўмове, што яго словы перададуць цалкам. Перадаю.

Віталь Рымашэўскі: “Што тычыцца ўсіх плётак, чутак, што з’яўляюцца ў інтэрнэце пра прапановы, што хтосьці ў некага подпісы купляў, каб перапісваць на кампанію ў прыватнасці Караткевіч, хтосьці каментуе, што гэтага не было, я думаю, што ўсё гэта трэба пакінуць у баку. Раздзьмуванне плётак, чутак і скандалаў унутры апазіцыі толькі шкодзіць іміджу ўсіх без выключэння дэмакратычных сіл. Цяпер створаная грамадская камісія па праверцы подпісаў, “Гавары праўду” заявіла, што гатовая прадставіць подпісы для праверкі грамадзянам. Калі яны стрымаюць слова, то гэта пакладзе канец усім чуткам, плёткам і скандалам”.

Адказ Дзмітрыеву адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў рабіць выгляд, што нічога не было, не жадае. Асабліва пасля нядаўніх заяў лідара “Справядлівага свету” Сяргея Калякіна, што Караткевіч на самой справе не сабрала 100 тысяч подпісаў.

Андрэй Дзмітрыеў: “Давайце сітуацыю вырашаць цывілізавана! Калі б у нас нармальна працаваў суд у краіне і была цывілізаваная краіна ― пайшлі б у суд. Але паколькі ў суд мы не пойдзем, то давайце імёны гэтых людзей (якія нібыта прыходзілі купляць галасы, ― Еўрарадыё), няма чаго іх хаваць. Я лічу, што гэта павінна быць выкрыта, і калі яны ёсць, то я буду з імі разбірацца. А калі гэтага няма, то знайдзіце ў сабе мужнасць прызнаць гэта і папрасіць прабачэння”.

Тым не менш, "Гавары праўду" згодныя прадставіць сабраныя за Караткевіч подпісы на праверку незалежнай камісіі. Калі ж яны будуць прызнаныя сапраўднымі, дадае Дзмітрыеў, то хай усе апазіцыйныя структуры прызнаюць іх вылучэнку адзіным кандыдатам ад апазіцыі на сёлетніх выбарах.

А вось старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына з нагоды гэтай ініцыятывы з камісіяй раіць апазіцыі “не жартаваць”.

Ярмошына: “Гэта несусветнае глупства і ўвогуле гэта ― парушэнне закона. Пры жаданні можна пракурора спытацца, ці няма тут перавышэння якіх паўнамоцтваў. Людзі замахваюцца на тое, што замацавана Канстытуцыяй — што выбары ў нас у краіне праводзяць выбарчыя камісіі. А тут, дэманстратыўна паказваюць: не, ёсць яшчэ нейкія арганізацыі, якія маюць права падмяняць выбарчыя камісіі. І таму — хай не жартуюць так!”

Па словах старшыні ЦВК, праца такой камісіі не прывядзе да паразумення ўнутры апазіцыі. Наадварот, сам факт такой праверкі прынясе “раздрай і сумневы ў грамадства. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі