Асаду прывезлі ад Лукашэнкі карціну "Дзень Перамогі"
Дэлегацыя з Мінска наведала Сірыю і перадала Башару Асаду афіцыйнае пасланне ад Аляксандра Лукашэнкі.
Дэлегацыю ўзначаліў першы сакратар кампартыі Беларусі, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка. Асад прыняў гасцей з Беларусі 21 лютага ў Дамаску. Бакі абмеркавалі развіццё ваенна-палітычнай сітуацыі, перспектывы ўрэгулявання канфлікту ў гэтай краіне. Таксама абмяркоўваліся пытанні палітычнага дыялогу і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сірыяй.
"У пасланні выказаныя словы падтрымкі сірыйскаму народу і прэзідэнту ў прыватнасці. Выказана пажаданне ў далейшым развіваць сяброўскія адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Сірыяй па ўсіх напрамках супрацоўніцтва", — перадае ria.ru словы Карпенкі.
Чыноўнік таксама дадаў, што, на яго думку, Сірыя вядзе справядлівую барацьбу. Ён назваў сімвалічным тое, што дэлегацыя падарыла Асаду карціну з назвай "Дзень Перамогі".
Акрамя сустрэчы з кіраўніком Сірыі беларуская дэлегацыя таксама сустрэлася з сірыйскімі парламентарамі, прадстаўнікамі сірыйскай кампартыі і кіруючай партыі Баас, а таксама з вярхоўным муфціем Сірыі Ахмадам Хасунам і патрыярхам Антыяхійскім і ўсяго Усходу Ігнаціўсам Афрэмам II.