“Умовы сталі больш жорсткімі”: пагутарылі з Юляй, якая адсядзела за БЧБ-парасон

“Умовы сталі больш жорсткімі”: пагутарылі з Юляй, якая адсядзела за БЧБ-парасон

“Седзячы на Акрэсціна, я часам успамінала словы міліцыянера, які, чытаючы маю справу, сказаў: “Паглядзіце, вы трапляеце ўжо пяты раз, няўжо вы не разумееце, што дзяржава гуляе ў несумленныя гульні?” — расказвае Еўрарадыё спецыялістка па івэнтах Юлія Міхайлава. Дзяўчына адседзела 25 сутак на Акрэсціна пасля таго, як 6 красавіка прагулялася па праспекце Пераможцаў у Мінску з белым парасонам (у пратаколе напісана “бел-чырвона-белы”). 

Таксама быў затрыманы яе брат Пётр, які ў той момант быў разам з ёй (збіраўся ехаць на курсы праграмавання). Пазней да Юлі дадому прыйшлі з ператрусам, за якім адбыўся шэраг затрыманняў і выклікаў у РУУС іншых сваякоў.

Юлія Міхайлава: Мяне затрымлівалі пяць разоў. Першы раз за чырвоны аркуш, другі за чырвоную ружу, трэці — на Плошчы Перамен, калі ставіла лампадку, чацвёрты — ішла па праспекце, ну і апошні — за тое, што пагуляла з парасонам. Розніцы амаль ніякай няма. Калі складаюць пратаколы, увесь час дадаюць тое, чаго не было. З іх боку — гэта непрыгожа. Тыя, хто павінен вучыць людзей паважаць закон, самі ж яго парушаюць. Ну як? Ад гэтага, зразумела, губляецца павага да іх. Яшчэ большае ўсведамленне гэтага ўсяго было самым складаным за ўсе 25 сутак.


“Ты паўдзельнічала, таму твой брат будзе сядзець”

Еўрарадыё: Што больш за ўсё зачапіла?

Юлія Міхайлава: Я ведала, што супрацоўнікі МУС беспрынцыповыя, але гэтым разам адчула і перажыла ўсю глыбіню беззаконня на сабе. Цяпер у іх пачаўся новы метад запалохвання. Сілавікі пачалі хапаць не толькі тых, хто выказвае актыўна пазіцыю, але і браць у закладнікі іх родных і блізкіх. Як грамадзянка, якая паважае Канстытуцыю, я не люблю парушаць законы. Лічу, што шпацыруючы па вуліцы, не рабіла нічога недазволенага. Але, ну добра, я прагулялася з парасонам, вы там прыдумалі вынесці мне свой прысуд. Але пры гэтым затрымліваць маіх бацькоў, братоў, сясцёр з пасылам, каб мне было непанадна, маўляў, такі ўрок? Прабачце, гэта быў мой выбар. Маці ўвогуле сказалі: “Вось вы выгадавалі такую дачку, дзякуючы гэтаму і трапілі сюды”. Гэта дзіўна. Ці вось мне казалі: “Ты паўдзельнічала, таму твой брат будзе сядзець на сутках”. Я кажу, разумееце, што гэта вы ўзялі на сябе адказнасць схапіць яго, затрымаць і даць яму суткі. Я ў гэтым не вінаватая. Я нічога не рабіла. Гэта вы вінаватыя, што затрымалі маіх родных. Не трэба цяпер на мяне перакладаць вашы незаконныя дзеянні.  

“Умовы сталі больш жорсткімі”: пагутарылі з Юляй, якая адсядзела за БЧБ-парасон
Дзеці ў сям'і Міхайлавых / архіў

Еўрарадыё: Як прайшлі суткі на Акрэсціна? 

Юлія Міхайлава: 25 сутак — гэта шмат, амаль месяц жыцця. Дні цягнуцца доўга, сядзіш і адчуваеш, колькі губляеш часу. Умовы сталі больш жорсткімі. Больш людзей размяшчаюць у адну камеру. Але гэта ўсё можна перажыць, калі разумееш, што на свабодзе цябе чакаюць твае родныя, сябры, суседзі — вось гэта вельмі падтрымлівае. Таму можна ўзяць сябе ў рукі і перажыць тое, што ты там.

Калі мяне толькі прывезлі ў ЦІП, адзін з супрацоўнікаў падышоў да мяне і пытаецца: “Слухайце, вас тут б’юць, гвалцяць, а вы сюды вяртаецеся. Вам тут падабаецца?” Канешне, я адказала, што тут не б’юць, не гвалцяць і ехаць мне да іх зусім не хацелася. Потым адвялі на трэці паверх, у 22-ю чатырохмесную камеру. Наколькі памятаю, нас было 20 чалавек. Спалі па двое — на шконках, на падлозе, на лаўцы, на стале. Яшчэ з намі была Ала Ільінічна — гэта такая легендарная бяздомная жанчына, якая увесь час сядзіць з нашымі палітычнымі. Нам расказвалі, што яна сядзела нават з Вольгай Хіжынковай

Тры разы на дзень у нас была праверка. Двойчы падымалі ноччу, называлі прозвішча, трэба было гаварыць імя і імя па бацьку. Кожную раніцу ў час дзённай праверкі нам у камеру залівалі хлёрачку — дэзынфікавалі пакойчык, таксама раскідвалі па падлозе рэчы. Супрацоўнікі гаварылі, што робяць гэта ўсё, каб нам больш не хацелася сюды вяртацца. Але, як мне здаецца, што ЦІП, ІЧУ, турма — гэта наогул не тыя месцы, куды хочацца вярнуцца. Каму падабаецца абмежаванне свабоды? Значна лепей, калі ты можаш гуляць па вуліцах, дыхаць свежым паветрам, назіраць за сонейкам, калі хочацца.


“Раўлі і патрабавалі, каб я не ўсміхалася”

Еўрарадыё: Колькі разоў за ўвесь час вас выводзілі на шпацыр? 

Юлія Міхайлава: Каб выйсці пагуляць, мне давялося адказваць на камеру на пытанні накшталт “Чаго вы сюды трапілі?”, “Як умовы ў ЦІП?”, “Ці будзеце яшчэ трапляць?”. Такія ўмовы. Ведаючы, што са мною сядзяць дзяўчаты, якія больш за 20 сутак не бачылі сонца, а таксама тыя, што толькі прыехалі і, магчыма, таксама няхутка яго пабачаць, я пагадзілася.  Дарэчы, з намі таксама сядзелі мама Сяргея Міронава (“Хлопатнае дзельца”) і экскурсавод Наташа Петухова. Мне так захацелася, каб яны падыхалі свежым паветрам, я адказала на пытанні, і мы схадзілі на вуліцу. Вельмі прыемна было пабачыць сонейка першы раз за 25 сутак. 

Дарэчы, у РУУС мяне таксама здымалі на відэа. Спачатку — жанчына. На ўсе пытанні я адказвала, што карыстаюся канстытуцыйным артыкулам, які дазваляе мне не сведчыць супраць сябе. Прайшоў нейкі час, прыйшлі двое мужчын (здаецца, што яны не супрацоўнікі РУУС, але магу памыляцца) і вырашылі перазняць відэа. Яны паводзілі сябе агрэсіўна: раўлі і патрабавалі, каб я, адказваючы на пытанні, не ўсміхалася. Мяне здзівіла, што для іх гэта было важна. Я адказала, што не магу не ўсміхацца, — магчыма, нешта нервовае. 

Еўрарадыё: З якімі думкамі вы выйшлі на волю?

Юлія Міхайлава: Метады катавання, якія ўжываюць да нас сілавікі, насамрэч не могуць спыніць чалавека, які паважае сябе. Мне здаецца, наадварот: пасля сутак чалавек яшчэ больш будзе адстойваць свае пазіцыі і змагацца за тое, каб людзі, якія катуюць, таксама адказалі за свае дзеянні. 

Пасля кожнага затрымання я ўсё больш разумею, што беларусам неабходна падтрымліваць адно аднаго, бо салідарнасць — вельмі моцная рэч, якая не дае нам упадаць у маркоту. Таксама дапамагаюць думкі пра тых, хто цяпер сядзіць у турмах, ці пра тых, каго гэты рэжым пазбавіў жыцця. Я разумею, што чым хутчэй людзі, якія бясчынствуюць, адкажуць перад судом за свае дзеянні, тым менш людзей пацерпіць ад дзеянняў рэжыму. Гэта і дае веру і цярпенне ісці кожны дзень да мэты, хай нават маленькімі крокамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі