Асвятліць патрыярха правiльна. Мінскі храм набыў для Кірыла жырандолі за $100000
У верасні Усіхсвяцкі храм у Мінску нечакана вырашыў закупіць 25 жырандоляў агульным коштам... 212 тысяч рублёў. На самую дарагую з іх патрацілі 61 тысячу рублёў. Чатыры свяцільні паменей абышліся царкве ў 21 тысячу рублёў кожная.
Тэндар прайшоў вельмі хутка. Кантракт на пастаўку быў заключаны літаральна за тры тыдні. Адкуль такая спешка? Супадзенне гэта ці не, але менавіта ва Усіхсвяцкай царкве падчас візіту ў Мінск адслужыў усяночную патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Кірыл (Гундзяеў).
Галоўны інжынер храма Аляксандр Канончык, распавёў Еўрарадыё, што ў іх усё робіцца па праектнай дакументацыі. Аднак ён адмовіўся даваць тлумачэнні аб закупцы свяцільняў перад асвятленнем храма патрыярхам Кірылам:
"У нас усё робіцца згодна з праектнай дакументацыяй. Цікавіцеся гэтай тэмай? Ну дык трэба было прыязджаць 14 кастрычніка на асвятленне і паглядзець на гэтыя свяцільні. Ніякіх каментарыяў аб закупцы я даваць вам не буду".
Тэндар на пастаўку жырандоляў выйграла кампанія "Эксклюзіўліт", вядомая мінчанам па скульптурнай кампазіцыі ля цырка.
"Эксклюзіўліт” раней ужо выконваў працы ва Усіхсвяцкім храме — вырабляў для яго дэкаратыўныя рашоткі.
Цікавае пытанне: як у царкве служылі да гэтай нятаннай закупкі? Пры святле лампадкі?
А вось і не. Папярэднія тэндары паказваюць, што храм закупляе дарагое асвятленне не ўпершыню. У 2017 годзе на свяцільню "Хорас" царква патраціла... 309 тысяч рублёў. Вырабленая з паліраванай латуні, свяцільня важыць больш за тону. 12 метраў у дыяметры, 96 стылізаваных свечак. Па-царску.
У той жа час заяўлялася, што ў храме ўсталяваная сістэма "разумнага святла", якая дазволіла адмовіцца ад устаноўкі амаль 800 жырандоляў. Навошта ўсяго праз год закупляюцца новыя свяцільні? Нешта пайшло не так? Цi, каб асвятліць патрыярха правiльна, “разумнага святла” недастаткова?
Добра толькі, што цяпер вернікі дакладна ведаюць, куды ідуць іх ахвяраванні.