АукцЫон - Юла

Новы дыск культавага піцерскага гурта “АукцЫон”, які атрымаў назву “Юла”. На дыску 11 трэкаў, якія для мяне праляцелі абсалютна незаўважна… Ну, калі не ўлічваць стан блізкі да аргазму пасля праслухоўвання. І гэта нягледзячы на тое, што пасля першага праслухоўвання ў асобны шэраг я здолеў выдзеліць толькі дзве песні, яны ж і першыя на дыску “Огонь” і “Хомба”.

Дарэчы альбом пачынаецца са струннай какафоніі, якую больш звыкла чуць на супольных альбомах Фёдарава і Волкава. Але гэта не вельмі здзіўляе, бо зараз жа Ўладзімір Волкаў цалкам увайшоў у склад “АукцЫона”. І такіх гукаў багата на новым дыску, якія вельмі нечакана, але арганічна ўплятаюцца ў аранжыроўкі песень. У тым жа “Агні” скрозь песню чуецца мурлыканне ката, ад якога нават пачынаюць мурашы бегаць па скуры. Агульная стылістыка песень “Юлы” відавочна аукцыёнаўская. Але можна найбольш класічным трэкам, найбольш падобным да старога “АукцЫона” назваць песню “Хомба”.

А вось трэці трэк “Метели” адразу здзівіў сваім меладычным малюнкам, які чамусьці нагадаў мне гурт “Звери”, ці што-небудзь з таго ж шэрагу. Але ўжо праз некалькі секунд песню пачынае так перакручваць, што нават такая мелодыка набывае цалкам “АукцЫонаўскае” гучанне.

На дыску “Юла” тры песні аўтарства Алега Гаркушы “Природа”, “Кожанный” і “Карандаши и палочки”. Апошнія дзве вылучаюцца асаблівым надрывам. Гаркуша нібыта і спявае, нібыта і чытае верш, але раптоўна выбухае крыкам. А ў песні “Кожаный” увогуле асноўны радок “он кожаный такой, он модный” спяваецца-крычыцца хорам.

Пры гэтым можна абсалютна дакладна сказаць, што цалкам дыск атрымаўся нечакана лёгкім. Праўда, лідар гурта Леанід Фёдараў лічыць, што менавіта так яно і мусіла быць. Маўляў, жыццё робіцца больш цяжкім, а музыка – больш лёгкай.

Варта дадаць, што ўсе адзінаццаць трэкаў “Юлы” былі запісаныя за адзінаццаць дзён. Пісаліся яны агульным дублем і вось гэтае, так бы мовіць, жывое выкананне, вельмі адчуваецца. Зразумела, што не дрэннай якасцю выканання, а рэальным адчуваннем прысутнасці на канцэрце. Плюс, гэта дадало асобнай разынкі дзевятаму, інструментальнаму трэку, аўтарства Ўладзіміра Волкава. А адна з самых запамінальных песень “Мимо”, якая асабліва ўражвае нечаканай для “АукцЫона” басовай партыяй, пабіла рэкорд запісу. Яна атрымалася ажно з 30-га дубля.

Калі апошнія ноты альбома сціхаюць, застаецца незразумелае адчуванне. Спачатку ў галаве з’яўляецца думка: “а што гэта было?”. А потым, нават менш чым праз секунду: “І ўсё? Яшчэ давай!”. Альбом “Юла” вельмі дзіўны, ён сапраўды цудоўны і ў пацверджанне назвы літаральна закручвае цябе ў абсалютна розных эмоцыях, змяняючы іх нават хутчэй, чым песні. З майго плэеру гэты дыск знікне вельмі не хутка.

Трэкліст:

01 - Огонь
02 - Хомба
03 - Метели
04 - Шишки
05 - Полдень
06 - Природа
07 - Кожаный
08 - Мимо
09 - Летучая
10 - Карандаши и палочки
11 - Юла

"АукцЫон" на момант запісу:

Леанід Фёдараў - вакал, электрагітара, акустычная гітара, перкусія
Алег Гаркуша - шоў, тэксты, дэкламацыя, вакал
Віктар Бандарык - бас-гітара
Дзмітры Азёрскі - тэксты, клавішныя інструменты, перкусія, труба
Мікалай Рубанаў - саксафоны, бас-кларнет, жалейка
Барыс Шавейнікаў - ударныя, перкусія
Уладзімір Волкаў - кантрабас
Міхаіл Калоўскі- туба, трамбон
Міхаіл Рапапорт - гукарэжысёр

Ім дапамагалі:

Сяргей Старасцін - кларнет
Анатоль Герасімаў - флейта, саксафон
Юрый Парфёнаў - труба
Мікалай Сараб'янаў - гітара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі