Аўтуховіч: "Маё здароўе цалкам падарвана"

Мікалай Аўтуховіч / БЕЛТА
Мікалай Аўтуховіч / БЕЛТА

У Гродне аднавіўся суд па гучнай справе Мікалая Аўтуховіча і яго групы. У панядзелак Аўтуховіч прысутнічае на працэсе. Ён трымаў сухую галадоўку, з якой пачаў выходзіць 1 жніўня.

Як піша sb.by, медыкі заявілі, што не могуць назваць гэта галадоўкай, бо нібыта Мікалай Аўтуховіч прымаў за гэты перыяд "нейкую колькасць вады і вугляводаў" і спаслаліся на даследаванні аналізаў. Сам жа Аўтуховіч сказаў, што не згодны з заявай медыкаў. "27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак, — гаварыў ён.Маё здароўе цалкам падарвана".

Аўтуховіч заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з пратаколамі тых пасяджэнняў, на якіх ён адсутнічаў, і суд яго задаволіў.

Мікалай Аўтуховіч трымаў сухую галадоўку з 11 ліпеня. Ён патрабаваў аддаваць яму лісты ад маці і іншых людзей. У выніку яму перадалі ліст ад маці.

Аўтуховіч падчас судовага працэсу папрасіў аб аказанні меддапамогі. Супрацоўнікі медыка-санітарнай службы агледзелі яго і заявілі, што стан здароўя ацэньваецца як "задавальняючы" і ніякіх супрацьпаказанняў для ўдзелу ў працэсе не выяўлена. Скаргі былі названыя "бытавой з'явай".

Суд "па справе Аўтуховіча" ідзе з 18 траўня ў будынку гродзенскай турмы №1. Паводле версіі следства, Мікалай Аўтуховіч быў арганізатарам і кіраўніком групы, якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў у Беларусі. Яго абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх — "здрада дзяржаве", "стварэнне злачыннай арганізацыі", "акт тэрарызму", "замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі