Avias і 2morrow2late прадставяць новыя праграмы на канцэрце “Rock Sandwich”

“Rock Sandwich” — серыя канцэртаў,якая нарадзіліся з ініцыятывы фронтмэнаў гуртоў Avias Рамана Сухоцкага і 2morrow2late Jim Win. Таму ў назве для наступнага супольнага канцэрта музыкі не сумняваліся і аб’ядналі ў ім, як самі кажуць, ветэранаў “Рок-сэндвіча”. “Наўрад ці гэта калісьці ператворыцца ў канцэртнае агенства ці прома-групу. Але няхай будзе міні-брэнд”, — смяецца Рома Сухоцкі.

Напярэдадні канцэрта Раман Сухоцкі (Avias)  і Оля Цяшкевіч (Clover Club) завіталі ў студыю Еўрарадыё, каб раскрыць усе сакрэты.  

Апошнім часам Avias амаль не выступалі — рыхтавалі новую праграму. За гэты час у гурта змяніўся гітарыст, што паўплывала на падыход да стварэння музыкі, распавядае Раман:

“За лета мы падрыхтавалі даволі вялікую новую праграму — насачынялі песень ужо амаль на альбом! Мы ўжо паспелі іх палюбіць, а цяпер будзем “тэсціць” на вушах слухача. Гэта ўсё той жа рок і усё тыя ж тэксты на беларускай мове. Але ёсць адчуванне, што цяпер перад намі адкрываюцца новыя гарызонты, і яны радуюць мяне і ўсіх удзельнікаў каманды”.

Музыкі 2morrow2late занятыя працай над новым сінглам ды падрыхтоўкай да “сольніка”. Таму да “Рок-сэндвіча” рыхтуюць “адноўленую праграму” з новымі песнямі ды сапраўдным “рокам без саплей”.

Clover Club абяцаюць, што “як звычайна, ўсіх чакае дурдом на калёсіках” ды анансуюць свой выступ адмысловым відэазваротам (глядзі ніжэй).

“Усё будзе, як заўжды — свята, феерыя, весялосць! — распавядае вакалістка Clover Club Вольга Цяшкевіч. — Усе, хто гэта любіць, могуць прыйсці і паслухаць нас у нядзелю. Да таго ж мы выканаем адну новую песню. Ды, думаю, будуць і нейкія сюрпрызы!” 

“Rock Sandwich” можна пакаштаваць 13-га кастрычніка, у клубе “Doodah King”, пачатак у 19.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі