Айцішнікі пойдуць з ПВТ ва ўкраінскі Diia City? EPAM ужо хоча ў новы хаб
Беларускі ПВТ або ўкраінскі Diia City — вось у чым пытанне / калаж Улада Рубанава
У лютым ва Украіне запрацаваў IT-хаб Diia City. Ёсць меркаванне, што Diia стане сур'ёзным канкурэнтам беларускаму ПВТ праз прывабныя ўмовы ўступлення і падатковыя патуранні. Пра тое, чым можа быць цікавы ўкраінскі хаб для беларускіх айцішнікаў, Еўрарадыё спытала ў распрацоўшчыка канцэпцыі Diia City Дзяніса Алейнікава і віцэ-прэзідэнта, кіраўніка EPAM у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Юрыя Антанюка.
Падаткі ў Diia смачныя не для ўсіх
Дзяніс Алейнікаў — юрыст, адзін з аўтараў Дэкрэта №8, які стаў штуршком да лібералізацыі і развіцця беларускай IT-сферы. Ва Украіне быў дарадцам віцэ-прэм'ера і міністра лічбавай трансфармацыі Міхаіла Фёдарава. Удзельнічаў у стварэнні канцэпцыі ўкраінскага хаба Diia City.
— Падатковы рэжым у Diia City атрымаўся досыць збалансаваны: дзесьці ніжэй, чым у Беларусі, дзесьці вышэй, — расказвае Еўрарадыё Дзяніс Алейнікаў. — Калі мы гаворым пра падаткі на фонд аплаты працы, то ў нас [у беларускім ПВТ. — Еўрарадыё] падаходны падатак цяпер 13%, а ў Diia City — 5%.
У ФСАН у нас бярэцца з сярэдняй зарплаты па краіне, а ва ўкраінскім хабе з мінімальнай заработнай платы — 22%. У цвёрдых сумах атрымліваецца, што адлічэнні ФСАН у Diia будуць блізу $50 плюс падаходны падатак 5%. Таксама ў Diia дадалі 1,5% адлічэнняў на вайсковы збор.
— У Diia ёсць опцыя сплачваць падатак на прыбытак — 18%, альбо падатак на выведзены капітал 9%, — працягвае юрыст. — У ПВТ такога няма, але ёсць абавязак выплачваць збор у 1% ад абароту ў кошт ПВТ. Увогуле, гэта розныя падатковыя рэжымы, тут павінны лічыць эканамісты, і рэзідэнт павінен у выніку зрабіць выбар.
Напрыклад, калі кампанія не выплачвае дывідэнды, рэінвестуе ўвесь свой прыбытак, то ёй цікавы ўкраінскі падатковы рэжым са сплатай падатку на выведзены капітал. Калі яны капітал не выводзяць, то, адпаведна, і ніякага падатку яны не сплачваюць. А калі гэта кампаніі з добрым прыбыткам, то ім цікавы беларускі ПВТ, таму што 1% ад абароту і няма падатку на прыбытак. Яшчэ адну норму ў 0% на даход, гэта значыць на дывідэнды фізічных асоб, налічаныя кампаніяй-рэзідэнтам пры ўмове іх выплаты не часцей 1 разу на 2 гады, мы рэпрадуцыравалі з беларускага заканадаўства.
Галоўная задача Diia City — упарадкаваць украінскі прававы хаос
Па словах Дзяніса Алейнікава, цяпер ва Украіне больш за дзвесце тысяч IT-спецыялістаў. Пры гэтым, з пункту гледжання замежных інвестараў, у прававым полі краіны быў хаос: было незразумела, як без рызыкі наняць распрацоўшчыка і каму ў выніку будуць належаць правы на створаны айцішнікам прадукт. Для таго каб усё ўпарадкаваць і зрабіць украінскі хаб запатрабаваным, у рамках стварэння Diia City была праведзена маштабная праца па паляпшэнні заканадаўства краіны. Змены закранулі Працоўны кодэкс, падатковую нагрузку і многае іншае.
— Diia City вырашае ўнутраныя праблемы Украіны і дае ёй нядрэнны плацдарм для прыцягнення замежных інвестараў, замежных RnD-цэнтраў, якія раней не маглі працаваць у краіне праз дрымучасць заканадаўства, — кажа Дзяніс. — Гэта перш за ўсё прававы рэжым. Законам аб Diia City унеслі змены ў 26 законаў і кодэксаў Украіны для таго, каб забяспечыць замежным інвестарам звыклыя ім па міжнароднай практыцы ўмовы гаспадарання. Мы далі ўсе інструменты англійскага права, якія калісьці распрацавалі для Беларусі і якія паказалі сябе эфектыўнымі. У Беларусі, дарэчы, іх цяпер укараняюць для ўсёй краіны, а не толькі для ІТ.
Падаткі — не галоўная прычына рэлакацыі
Ці могуць падатковыя патуранні справакаваць масавую рэлакацыю беларускіх праграмістаў ва Украіну?
— На сённяшні дзень пры выбары хаба айцішнікаў цікавяць перш за ўсё не падатковыя прэферэнцыі, а ў цэлым умовы для працы і жыцця ў краіне, — адказвае Дзяніс Алейнікаў. — Гэта сукупнасць прычын. Нельга гаварыць, што падатковы рэжым ёсць адзіны трыгер для таго, каб айцішнікі паехалі ў нейкую краіну. Зразумеласць умоў, абароненасць, добры ўзровень сацыялізацыі — вось што ўяўляе каштоўнасць. Я чуў меркаванне, што калі разглядаць гэтае пытанне ў цэлым, на ўзроўні меркавання большасці, то ў Беларусі айцішнікам падабаецца больш. З пункту гледжання сацыялізацыі мы з украінцамі ўсё ж адрозніваемся.
EPAM хоча ў Diia City
IT-гігант EPAM у найбліжэйшы час плануе падаць заяўку на рэзідэнцтва ў Diia City. Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік кампаніі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Юрый Антанюк.
— Цяпер мы займаемся прапрацоўкай магчымых сцэнароў атрымання статусу рэзідэнта і далейшай арганізацыі працы кампаніі ў новых умовах. Самае важнае для нас — ажыццявіць пераход плаўна, без стрэсу для працэсаў кампаніі, — кажа мужчына.
А дзе больш выгадна размяшчацца IT-рэзідэнту — у Diia City або ў беларускім ПВТ?
— Думаю, што перавагі і выгады — паняцці індывідуальныя для кожнага бізнесу, — адказвае Юрый. — Прэферэнцый для бізнесу [ў Diia City. — Еўрарадыё] дастаткова шмат. Па-першае, цяпер ва ўкраінскай ІТ-галіны ёсць гарантыі захавання ўмоў працы ў перспектыве 25 гадоў. Па-другое, гэта зразумелая сістэма ўзаемаадносін паміж кампаніяй і спецыялістам. GIG-кантракты [сістэма працы, калі супрацоўнікаў не прымаюць у штат, а запрашаюць на канкрэтныя праекты. — Еўрарадыё] даюць магчымасць бізнесу адмовіцца як ад рызыкоўнай у некаторых момантах мадэлі ФАП [з фізасобамі-прадпрымальнікамі], так і ад мадэлі афіцыйнага працаўладкавання, дарагой з пункту гледжання падаткаабкладання і састарэлай у плане рэгулявання.
Таксама новая мадэль прапануе магчымасць выкарыстоўваць падатак на выведзены капітал (9%) у якасці альтэрнатывы падатку на прыбытак (18%). Гэта вельмі добрыя ўмовы для тых кампаній, якія плануюць актыўна развіваць свой бізнес ва Украіне. Акрамя гарантый і падатковых новаўвядзенняў Дія City замацоўвае элементы англійскага права ва ўкраінскім заканадаўстве, удасканальвае сістэму абароны інтэлектуальнай уласнасці. Як усе гэтыя новаўвядзенні будуць ужытыя на практыцы — пакажа час, — рэзюмуе Юрый Антанюк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.