Азараў: Людзей у Кіеве застрэлілі правакатары. Беркут: Страляюць наёмнікі
Прэм’ер-міністр Мікалай Азараў лічыць, што людзей на вуліцы Грушэўскага застрэлілі правакатары.
"Па-першае, я ўжо сказаў, што міліцыя не мела агнястрэльнай зброі на вуліцы Грушэўскага — гэта значыць, яны не маглі ўжыць гэтую зброю", — заявіў чыноўнік.
"Па-другое, экспертыза і ўскрыццё гэтых людзей паказала, што стрэлы былі зробленыя зверху — гэта, падкрэсліваю, папярэднія даныя. Гэта значыць, з даху будынкаў. Міліцыя не знаходзілася на дахах будынкаў, гэта элементарна праверыць, таму што ўсе яны былі знізу", — перадае Радыё "Свабода" словы Азарава.
"І хто гэта быў? Хутчэй за ўсё, можна меркаваць, што гэта былі правакатары. Магчыма, з ліку гэтых экстрэмісцкіх арганізацый, для якіх патрэбна была падстава для чарговага абвастрэння сітуацыі", — дадаў кіраўнік украінскага ўрада.
Нагадаем, што ахвярамі сілавікоў ужо сталі 5 пратэстоўцаў. Чацвёра з іх, паводле актывістаў, загінулі ад агнястрэльнай зброі. Таксама стала вядома, што ў Барыспальскім раёне, куды раней выкрадальнікі вывезлі Ігара Луцэнку, знайшлі цела актывіста Юрыя Вярбіцкага са слядамі катаванняў.
Тым часам байцы тэрнопальскага "Беркута" ананімна распавялі СМІ, што ў пратэстоўцаў страляюць нанятыя снайперы, якія ездзяць у "гарачыя кропкі" на заробкі.
Фота — poglyad.te.ua