Ажыў ТГ-канал Эдуарда Пальчыса. Але ж ён з 27 верасня ў ізалятары!

Эдуард Пальчыс / Еўрарадыё​
Эдуард Пальчыс / Еўрарадыё​

"А ці здзімаецца пратэст?" — такі загаловак у запісу, які з'явіўся 16 лістапада пасля амаль двухмесячнага маўчання ў тэлеграм-канале Эдуарда Пальчыса. З 27 верасня грамадскі актывіст знаходзіцца ў СІЗА, таму многія падумалі, што канал узламаны і захоплены сілавікамі.

Еўрарадыё звязалася з жонкай Эдуарда Пальчыса Вікторыяй Шчукевіч. Яна расказала нам, што гэта не так. Канал у надзейных руках.

— Усё ў парадку: канал у норме і яго не ламалі, — кажа Вікторыя. — Са мной таксама ўсё добра, дзякуй.

У апублікаваным допісе новы адміністратар гэтага канала ў пяці пунктах разважае пра пратэст і працэсы, якія адбываюцца ў краіне.

— Гэта супрацьстаянне, дзе пераможа больш настойлівы. Той, хто не здасца. І час на самай справе працуе на нас. У нас усяго два варыянты: альбо мы пераможам, альбо яны прайграюць. А мы пераможам дзеля тых, хто ўжо пацярпеў, дзеля тых, хто знаходзіцца ў турмах, дзеля ўсяго таго, што мы ўжо перажылі, і дзеля нашай будучыні, — такую думку перадае канал.

Папярэдні пост у тэлеграм-канале палітвязня быў апублікаваны за некалькі дзён да затрымання — 23 верасня. Праз некалькі дзён актывіст знік. Тады Вікторыя напісала ў "Фэйсбук", што Эдуард збіраўся пераехаць "у больш бяспечнае месца". Ён папярэджваў сваякоў, што нейкі час будзе не на сувязі, але "сігнал цішыні зацягнуўся".

Яшчэ праз некалькі дзён адвакату Эдуарда Пальчыса стала вядома, што яго падабаронны знаходзіцца ў мінскім ЦІП у завулку Акрэсціна. Пазней ён быў перазатрыманы і адпраўлены ў СІЗА на Валадарскага, дзе і знаходзіцца да гэтага часу. 6 лістапада Пальчысу было прад'яўленае абвінавачанне па частцы 1 артыкула 293 КК ("Арганізацыя масавых беспарадкаў"). Па гэтым артыкуле яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Эдуард Пальчыс — ураджэнец Ліды. Быў аўтарам сайта, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Пальчыса пераследавалі і судзілі па артыкуле "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні" і артыкуле "Распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару". Яму далі 1 год і 9 месяцаў "хіміі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі