Бацька Бялькевіча: Калі б “Дынама” дапамагло, я б не звяртаўся ў іншыя клубы

Бацька Бялькевіча: Калі б “Дынама” дапамагло, я б не звяртаўся ў іншыя клубы

27 студзеня знакамітаму беларускаму футбалісту Валянціну Бялькевічу магло б споўніцца 43 гады. Акурат у Дзень яго нараджэння ў Мінску, на родным доме футбаліста, адкрываюць памятную шыльду. Але за тыдзень да адкрыцця здараецца не самая прыемная для ФК “Дынама-Мінск” сітуацыя. Бацька Валянціна Бялькевіча заяўляе журналістам, што яму бракуе грошай для аплаты ўсіх прац (каля 70 мільёнаў), а кіраўніцтва мінскага “Дынама”, за якое пачынаў гуляць Валянцін Бялькевіч, не дапамагае фінансава. Нягледзячы на абяцанні.

Грошы знаходзяцца літаральна за некалькі дзён. Але цымус у тым, што дае іх… кіраўніцтва БАТЭ на чале з Анатолем Капскім. Таго самага БАТЭ, якое ўжо 15 гадоў з’яўляецца асноўным і самым непрымірымым сапернікам “Дынама”. На форумах пачынаецца вялізная буча, прычым, уладальніка “Дынама” Юрыя Чыжа клянуць нават адданыя дынамаўскія фанаты. А пасля таго, як пра гісторыю напісаў “Прэсбол”, не вытрымлівае і сам бізнесовец. Ён выказвае свае прэтэнзіі проста на паседжанні кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола. Маўляў, клуб дапамагаў, і ўсё зусім не так. За Чыжа заступаецца галоўны трэнер нацыянальнай зборнай і блізкі сябра Бялькевіча Аляксандр Хацкевіч. Нічога канкрэтнага яны не кужуць і сітуацыя становіцца зусім заблытанай. У каментарыі Еўрарадыё Аляксандр Хацкевіч пацвярджае, што “Дынама-Мінск” прымала ўдзел ва ушанаванні памяці Валянціна Бялькевіча.

“Нехта юрыдычна дапамагаў, нехта дапамагаў фінансава. Шмат людзей удзельнічала. І “Дынама-Мінск” таксама ўдзельнічала. Так што, на гэтым не трэба рабіць ніякай рэкламы, альбо нейкі рэйтынг падымаць. Я кажу, на чужым горы шчасця не пабудуеш. Калі мы некага забудзем, нехта пакрыўдзіцца”, — гаворыць Хацкевіч.

І яшчэ раз просіць не раздуваць скандал. Маўляў, лепш прыходзьце на матч памяці паміж ветэранамі “Дынама-Мінск” і “Дынама-Кіеў” у пятніцу 29 студзеня.

Бацька Бялькевіча: Калі б “Дынама” дапамагло, я б не звяртаўся ў іншыя клубы

У Мінску з'явіцца сімвалічны помнік Валянціну Бялькевічу

Спартовец памёр 1 жніўня 2014 года ва ўзросце 41 года. Ураджэнец Мінска, Бялькевіч пахаваны ў Кіеве, бо апошнія гады працаваў у кіеўскім "Дынама".

У прэс-службе мінскага "Дынама" Еўрарадыё абяцаюць, што ў бліжэйшы час клуб афіцыйна выступіць са зваротам, у якім растлумачыць сітуацыю і раскажа пра свой удзел у стварэнні мемарыяльнага знака. Аднак пакуль на іх сайце ціха.

Затое бацька Валянціна Бялькевіча у размове з Еўрарадыё пацвердзіў, што дапамогі ад кіраўніцтва “Дынама” не атрымаў. Таму і быў вымушаны звярнуцца ў іншыя клубы.

“Я сустракаўся непасрэдна і з кіраўніцтвам клуба, і з намеснікамі кіраўніка клуба, і з гаспадаром клуба сустракаўся. З Юрыем Аляксандравічам (Чыжом, — Еўрарадыё). Калі б там было так добра, як яны цяпер пішуць, не звяртаўся б за дапамогай да балельшчыкаў, не звяртаўся б у іншыя клубы. Сёння яны могуць сябе як заўгодна апраўдваць”, — кажа Мікалай Бялькевіч.

Вось такая не самая прыемная і прыгожая для “Дынама-Мінск” гісторыя. Растлумачыць яе да канца можа толькі сам клуб і яго ўладальнік, якія пакуль чамусьці не гавораць нічога канкрэтнага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі