Бацька Юліі Рымашэўскай патрабуе ад пракуратуры адказу на сваю скаргу
Валеры Дранчук, бацька Юліі Рымашэўскай, якая адбывае адміністрацыйны арышт, сустрэўся сёння з пракурорам Першамайскага раёна Мінска Андрэем Млявым.
Як паведамляе БелаПАН, 23 снежня Дранчук падаў скаргу ў пракуратуру Першамайскага раёна на пастанову раённага суду, паводле якога прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Юлія Рымашэўская была прызнаная вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці. "За ўдзел" Юліі прысудзілі 13 сутак, хоць яна ўвесь час знаходзілася ў штабе кандыдата і была затрыманая менавіта там.
Дранчук заявіў, што не пакіне кабінет, пакуль не пачуе зразумелы адказ аб тэрмінах разгляду скаргі. У адказ Млявы парэкамендаваў заяўніку сустрэцца з непасрэдным выканаўцам па скарзе.
Заўтра бацька Юліі плануе скарыстацца гэтай парадай.