Барэль і Блінкен абмеркавалі размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыляцеў у Брусель для ўдзелу ў пасяджэнні кіраўнікоў МЗС NATO і энэргетычнай рады ЗША-ЕС / Reuters
Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі з'яўляецца прамой пагрозай еўрапейскай бяспецы, заявіў вярхоўны прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Ён звярнуў увагу, што заява прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі супярэчыць яго ж сумеснай дэкларацыі са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Паміж антыядзернай дэкларацыяй і заявай Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі мінуў тыдзень.
"Яго найноўшая ядзерная гульня з перамяшчэннем ядзернай зброі ў Беларусь з'яўляецца новай эскалацыяй і складае прамую пагрозу еўрапейскай бяспецы", — цытуе Барэля русурс reform.by. Гэтую заяву дыпламат зрабіў пасля сустрэчы ў Бруселі з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам.
На сустрэчы яны абмяркоўвалі і заявы Пуціна пра ядзерную зброю ў Беларусі, і ролю Кітая. Барэль пацвердзіў гатоўнасць падтрымліваць Украіну і далей ціснуць на Расію, каб прымусіць яе выконваць міжнароднае права.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыляцеў у Бельгію для ўдзелу ў пасяджэнні міністраў замежных спраў NATO і ў дзясятым пасяджэнні энэргетычнай рады ЗША-ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.