Барыс Пятровіч: "Мне больш звыкла ўручаць прэміі іншым..."

Пра сучаснасць беларускай літаратуры, пра “Дзеяслоў” і пра іншыя часціны мовы “Еўрарадыё” размаўляе з сёлетнім лаўрэатам прэміі “Гліняны Вялес” празаікам Барысам Пятровічам. Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” заснаваная 15 гадоў таму. Сярод яе лаўрэатаў – Ігар Бабкоў, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Славамір Адамовіч, Пятро Васючэнка, Сяргей Дубавец. Днямі да гэтай пачэснай кампаніі далучыўся Барыс Пятровіч – празаік і галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”. Ён атрымаў “вялеса” за кнігу “Жыць ня страшна”, усяго на адзін голас апярэдзіўшы аўтарку паэтычнага зборніка “Анадыямена” Галіну Дубянецкую.

– Сяргей Дубавец аднойчы сказаў, што не трэба нічога выдумляць, а сюжэты трэба шукаць выключна ў рэчаіснасці. А вам рэчаіснасць падкідае сюжэтаў?

Барыс Пятровіч: “Мы з Сяргеем даўно сябруем, і здаўна ў нейкім сэнсе спрачаемся. Для сябе я некалі ўзяў за дэвіз словы Фолкнэра: “Выдумваць праўду”. Гэта значыць – адштурхоўвацца ад жыцця, але не пераносіць яго на паперу такім, як яно ёсць, а дадумваць яго. Дадумваць, не кідаючыся ў чыстую фантасмагорыю ці ў нешта штучнае, а менавіта праўду.

І таму часам мае творы ўспрымаюць як рэалістычныя і аўтабіяграфічныя, хаця насамрэч там няма ні паўсядзённых рэаліяў, ні маёй біяграфіі... Хаця тое, што я пішу нібыта рэалістычна і нібыта ад свайго імя, часам збівае з панталыку і крытыкаў, і чытачоў... Гэта і добра, і кепска! Добра, што чытач верыць мне, што ён не заўважае падвоху і няпраўды. Але мяне бянтэжыць тое, што часта напісанае ўспрымаецца наўпрост, што гэта было, ёсць, што гэта са мной адбылося...”

– Чаму ўсе пяцёра фіналістаў “Глінянага Вялесу” надрукавлі свае кніжкі ў недзяржаўных выданнях?

Барыс Пятровіч: “Мне здаецца, што ёсць пастулат на ўсе часы: сапраўдная літаратура заўсёды застаецца ў апазіцыі да дзяржавы. Гэта мы канстатавалі ў першым нумары “Дзеяслова”, і я ад гэтага не адмаўляюся. Колькі б людзей ні пераходзіла да афіцыйнага боку, частка ўсё роўна застанецца ў апазіцыі. У апазіцыі калі не да дзяржавы, дык да нейкай сітуацыі, да асобаў.

Іншая справа – сёння ёсць падзел на два пісьменніцкія саюзы. У той саюз уваходзіць каля 300 чалавек – але каго з іх мы ведаем? Гэта тыя людзі, якія маюць магчымасць друкавацца ў дзяржаўных выданнях – “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”. Гэта тыя людзі, якія выдаюць свае кнігі ў афіцыйных выдавецтвах. У той жа “Мастацкай літаратуры” ды ў іншых... Але дзе іх кнігі, дзе іх прадукцыя?!

Я думаю, што журы прэміі “Гліняны Вялес” кіравалася не тым, дзе вышла кніга, а аб’ектыўным фактарам – наколькі гэта якасная літаратура. Мне падаецца, што гэты фактар застанецца, наколькі б далёка не пайшла адліга”.

– Ці адчуваеце вы сябе зоркай? Ці змянілася што-небудзь у вашым жыцці?

Барыс Пятровіч:
“Не, абсалютна нічога не змянілася. І зоркай я сябе не адчуваю, як і не адчуваў... Звычайная справа!

Адзінае, што: на жаль, на Беларусі сёння мала прэміяў, і не толькі дзяржаўных, але і незалежных. Тут нашая краіна вельмі адрозніваецца ад суседзяў, дзе кожнае выданне мае сваю прэмію, дзе многія дзяржаўныя ўстановы маюць прэміі для пісьменнікаў. Шкада, што так адбываецца... Але я думаю, што сітуацыя паціху будзе змяняцца”.

– Але ёсць думка, што прэмій павінна быць няшмат. Бо калі прэмій шмат, дэвальвуецца сама гэтая з’ява! Калі можна ўзнагародзіць кожнага. прэмія не ёсць паказчыкам якасці!

Барыс Пятровіч:
“Па вялікім рахунку, так яно і ёсць. Але павінна быць градацыя сярод саміх прэмій... Праўда,  мне больш звыкла не атрымліваць, а самому даваць прэміі іншым.

У нас пры часопісе “Дзеяслоў” ёсць свая прэмія, што ўручаецца цягам пяці гадоў. Кожны год у нас па тры лаўрэаты, і сярод іх – шмат цікавых празаікаў і паэтаў. А зараз паўстае яшчэ адна, вельмі важная намінацыя – крытыка. Яшчэ адну намінацыю – публіцыстыку – мы пакуль што абмінаем, і, магчыма, дарэмна. Але вагаемся: ці варта пашыраць колькасць намінантаў, ці не адбудзецца тая самая дэвальвацыя?”

– Калі меркаваць па часопісе “Дзеяслоў”, якія жанры зараз у Беларусі знаходзяцца ў заняпадзе? А ў якія, наадварот, людзі ідуць заўсёды? Крытыка, эсэістыка – ці папулярныя яны зараз?

Барыс Пятровіч:
“Гэтыя жанры сталі папулярныя ў 1990-я, разам з тым, як на постсавецкую тэрыторыю прыйшла свабода. І іх папулярнасць, як мне падаецца, год ад году расце.

Але ў нас не забываюцца і жанры, якія заўсёды былі папулярныя на Беларусі. Калі браць прозу – дык гэта гістарычная проза. Пры тым найчасцей гэта раманы – не апавяданнейкі і не эсэ.

У часопісе мы стараемся даваць матэрыялы не толькі пра літаратуру. Таму што, на жаль, у Беларусі няма выдання, цалкам прысвечанага кіно, ці музыцы, ці мастацтву...”

– Ці толькі крытыцы...

Барыс Пятровіч: “Ці толькі крытыцы, так. І вось калі казаць пра заняпад нейкіх жанраў, дык найперш узгадваецца крытыка”.

– Ці не складае праблемы набраць матэрыялаў на 6 нумароў часопіса за год?

Барыс Пятровіч:
“Што тычыцца паэзіі і прозы – тут у нас часам складаецца чарга... Бо мы бярэмся друкаваць усё: ад самых маладых аўтараў да жывых класікаў. Усё гэта змясціць у адным нумары,  часам,  вельмі цяжка”.

– Ці з’яўляецца на вашую думку часткай беларускай літаратуры рускамоўная творчасць тых, хто жыве на тэрыторыі Беларусі?

Барыс Пятровіч:
“Пытанне і складанае, і простае. І адказ адразу на паверхні. Рускамоўная літаратура, дзе б яна ні пісалася, – гэта ўнёсак у рускую мову, рускую культуру і літаратуру. Беларускай літаратурай яна ні ў якім разе не з’яўляецца.

З другога боку, мы ж не адмаўляемся ад творчасці тых пісьменнікаў, якія жылі ў Расіі і пісалі па-беларуску. Яны з’яўляюцца беларускімі літаратарамі! Напрыклад, Уладзімір Дубоўка большую частку свяйго жыцця пражыў у Маскве, але, тым не менш, ён пісаў па-беларуску, і ён безумоўна – беларускі літаратар”.

– Кожны пераможца “Глінянага Вялесу” павінен скласці прамову для цырымоніі ўручэння прэміі. Як лаўрэат Нобелеўскай прэміі – выступіць перад слухачамі з прамовай. Ці думалі вы, пра што будзеце казаць у сваёй прамове?

Барыс Пятровіч:
“Не, яшчэ не паспеў. Для мяне гэтая перамога была вялікай неспадзяванкай. Бо іншыя кандыдаты былі больш чым вартыя. І я думаю, што калі б сёлета перамог Андрэй Хадановіч, ці Юрый Станкевіч, ці Галіна Дубянецкая, ніхто б не здзівіўся”.

Шчыра жадаем Барысу Пятровічу прыемнай сакавіцкай вандроўкі ў Полацак – па “Глінянага Вялеса”!

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Ніва".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі