БАТЭ саступіў "Шахцёру" (Караганда) — 0:1 (відэа)

У Барысаве скончыўся першы матч 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў. Барысаўскі БАТЭ прайграў "Шахцёру" з Караганды з мінімальным лікам 0:1. Гол на 48-й хвіліне з падачы Сімчавіча забіў Хіжнічэнка.

БАТЭ перахапіў ініцыятыву і шмат атакаваў. Па ўдарах беларусы наперадзе 12:6, па ўдарах у створ варот —6:3. Але забіць барысаўскія футбалісты не здолелі. Больш за тое: за дзве хвіліны да канца гульні Віталь Радзівонаў атрымаў жоўтую картку за сімуляцыю.

"Мы нічога не зрабілі, каб паставіць суперніка ў тупік. Дзейнічалі вельмі проста, — каментуе вынік матча галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. — Але ў нас ёсць яшчэ гульня ў адказ, хаця стратэгічная перавага зараз на баку "Шахцёра".

У матчы атрымаў пашкоджанне лідар БАТЭ Аляксандр Глеб. Віктар Ганчарэнка выказаў сумнеў у тым, што футбаліст зможа прыняць удзел у матчы ў адказ, які пройдзе праз тыдзень, 23 ліпеня, у Карагандзе.

Дарэчы, на апошняй хвіліне асноўнага часу матча на поле выбег заўзятар — мужчына 30-35 гадоў. Ён паспеў перакінуцца парай словаў з Віталём Радзівонавым, пасля чаго сцюарты вярнулі яго на трыбуны.

У наступны круг кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў выйдзе каманда, якая пераможа па суме двух матчаў.

Фота: goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі