БАТЭ згуляе са славацкім “Слованам” у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў
Першы матч адбудзецца ў Браціславе 19 ці 20 жніўня, гульня ў адказ пройдзе на “Барысаў-Арэне” 26 ці 27 жніўня.
У плэй-оф Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ згуляе з браціслаўскім “Слованам”. Лёсаванне галоўнага еўрапейскага клубнага турніру адбылося 8 жніўня ў Ньёне. Беларускі клуб быў у кошыку сярод сеяных каманд. Гэта азначае, што сапернікамі барысаўчан маглі стаць клубы, якія лічацца слабейшымі.
Нагадаем, у другім кваліфікацыйным раўндзе БАТЭ прайшоў албанскі “Скендэрбеў”, хоць абедзве гульні скончыліся нічыёй (0:0, 1:1). У трэцім барысаўчане аказаліся мацнейшымі за венгерскі “Дэбрэцэн” (0:1, 3:1).
Першы матч супраць “Слована” адбудзецца ў Браціславе 19 ці 20 жніўня, гульня ў адказ пройдзе на “Барысаў-Арэне” 26 ці 27 жніўня.
На сваім шляху да плэй-оф “Слован” перайграў у другім раўндзе кваліфікацыі валійскі “Н’ю-Сэйнтс” (1:0, 2:0), а ў трэцім — малдоўскі “Шэрыф” (2:1, 0:0). Самае галоўнае дасягненне славакаў у еўракубках — выхад у групавы раўнд Лігі Еўропы ў 2011 годзе.
Іншыя вынікі лёсавання:
Чэмпіёнскі шлях:
Марыбор — Селтык
Зальцбург — Мальме
Ольбарг — АПОЭЛ
Сцяўа — Лудагорац
Слован — БАТЭ
Прадстаўнікі ліг:
Бешыкташ — Арсенал
Стандард — Зеніт
Капенгаген — Байер Леверкузен
Ліль — Порту
Напалі — Атлетык
Напярэдадні лёсавання "Селтык" замяніў "Легію", якой па суме дзвюх сустрэч прайграў 2:6. Пазней высветлілася, што ў матчы ў адказ за польскі клуб згуляў дыскваліфікаваны абаронца Барташ Берашыньскі. Ён выйшаў на замену за 4 хвіліны да канца сустрэчы.
Як аказалася, у Берашыньскага перад стартам кваліфікацыйнага раўнда была чырвоная картка, і ён павінен быў прапусціць тры матчы. Гульня ў адказ з "Селтыкам" была чацвёртай. Аднак высветлілася, што абаронца не быў заяўлены на першыя дзве сустрэчы з “Сэнт-Патриксам”, таму пагашэнне дыскваліфікацыі пачалося з матчаў з "Селтыкам".
Фота: by.tribuna.com