Баўмгертнера пасадзілі ў камеру з аферыстамі
Бізнэсмэн сядзіць у следчым ізалятары з падазраванымі ў махлярстве, злоўжыванні паўнамоцтвамі і наўмысным банкруцтве.
Як піша газета "Известия", гендырэктар "Уралкалія" Уладзіслаў Баўмгертнер знаходзіцца ў СІЗА-5 "Воднік" на Выбаргскай вуліцы ў Маскве. Раней у СМІ з'яўляліся паведамленні, быццам яго даставілі ў СІЗА "Ляфортава".
Суседзямі Баўмгертнера па камеры стаў "спецкантынгент" — людзі, падазраваныя ў эканамічных злачынствах. У камеры, разлічанай на 8 чалавек, сядзяць пяцёра, уключаючы Баўмгертнера.
Абарона менеджара, якая ўпершыню наведала яго ў СІЗА, кажа, што ён пачуваецца нядрэнна. Адвакаты хочуць хадайнічаць пра іншую меру стрымання свайму падабароннаму — напрыклад, хатні арышт, пад якім Баўмгертнер быў апошнім часам у Беларусі.
22 лістапада гендырэктару "Уралкалія", дастаўленаму з Беларусі ў Маскву, было выстаўлена афіцыйнае абвінавачанне ў злоўжыванні паўнамоцтвамі.
Фота — ria.ru