“Байкот саміта Цэнтральнай Еўропы — аплявуха цяперашняй уладзе Украіны”

120507 DonijS.mp3

Еўрарадыё: Адзінаццаць еўрапейскіх прэзідэнтаў байкатуюць саміт Цэнтральнай Еўропы. Ці адбудзецца саміт?

Аляксандр Доній: Апазіцыя і грамадскія дзеячы з разуменнем успрынялі такую пазіцыю большасці палітычных дзеячаў Еўропы. Асновы еўрапейскай цывілізацыі – гэта прызнанне правоў чалавека. Таму не заўважыць, што адбываецца цяпер ва Украіне – палітычны ціск на апазіцыю, ціск на свабоду слова, фізічныя рэпрэсіі, як з адной з лідараў апазіцыі Юліяй Цімашэнка – не заўважыць гэта, значыць перакрэсліць усё, на чым базуецца еўрапейская цывілізацыя. Таму можна зразумець, што найперш еўрапейскія лідары ўшчувалі ўкраінскія ўлады, потым былі меры і заявы, цяпер жа перайшлі да акцый байкоту на тэрыторыі Украіны. Саміт, вядома ж, адбудзецца, але аплявуха ўкраінскай уладзе адчувальная. Наступная такая аплявуха будзе падчас “Еўра 2012”. Гэта не ўкраінскаму народу, не самой Украіне, а ўладзе, якая цяпер цкуе краіну.

Еўрарадыё: На што спадзяецца Віктар Януковіч падчас саміту? Якія магчымасці адкрыліся б для Украіны, калі б усе ўдзельнікі прыехалі?

Аляксандр Доній: Цяперашняя ўкраінская палітыка закрытая. Таму трэба пытацца ў адміністрацыі прэзідэнта, што яны хацелі абмеркаваць. Цяпер жа гэта будуць нават не рамкавыя дамоўленасці, а проста абеды без фармальных рашэнняў. Я думаю, што Віктар Януковіч не быў падрыхтаваны да такога развіцця падзей, а наконт Міністэрства замежных спраў - ва Украіне ходзіць такі жарт, што міністэрства ў дзяржаве ёсць, а замежных спраў ужо няма.

Еўрарадыё: Прэзідэнт Літвы вытаргавала сустрэчу з Юліяй Цімашэнка, калі паведаміла, што наведае гэты саміт. Ці можа яна штосьці зрабіць для  Цімашэнка?

Аляксандр Доній: Гэта вельмі важная сустрэча. Не адна Юлія Цімашэнка пасаджаная за краты. Улада баіцца Юлію Цімашэнка не проста як палітычнага апанента, а як палітычнага канкурэнта, ведаючы, што яна можа перамагчы. Каб прыбраць палітычнага канкурэнта, патрэбная інфармацыйная блакада. Таму, насуперак заканадаўству, да Юліі Цімашэнка не дапускаюцца дэпутаты. Ёсць спецыяльны артыкул у кодэксе, дзе пералічаныя ўсе катэгорыі чыноўнікаў або палітыкаў, якія могуць без перашкоды ўваходзіць у месца зняволення. Сярод іх і дэпутаты, прычым без папярэдняй згоды. Няма дакладнай інфармацыі пра галадоўку Юліі Цімашэнка, пра пабоі…

Еўрарадыё: Пракуратура кажа, што пабоі Юлія Цімашэнка магла сабе сама зрабіць…

Аляксандр Доній: Нагадаю, што першыя 5 дзён пасля пабояў да Юліі Цімашэнка не пускалі нават дачку і адвакатаў. Спрабуюць заявіць, што нават фотаздымкі, якія рабіла ўпаўнаважаная па правах чалавека – і тыя ўжо не сапраўдныя. На жаль, у органах правапарадку шмат людзей з садысцкімі схільнасцямі. Я сам, змагаючыся некалі за незалежнасць Украіны, бачыў, што ў КПУ б’юць людзей да крыві. Рэформы праваахоўных органаў не было, і могуць быць такія інцыдэнты. Сітуацыя вельмі крытычная, а ўлады займаюцца маніпуляцыяй, у тым ліку - і інфармацыйнай. Таму, настолькі важныя асабістыя кантакты. Візіт прэзідэнта Літвы – вельмі важны фактар, і дзеля яго варта перапыніць байкот кіраўніцтва Украіны і прыляцець на саміт.

Еўрарадыё: Ці дапаможа такая салідарнасць еўрапейскіх палітыкаў  Юліі Цімашэнцы?

Аляксандр Доній: Рэч не толькі ў Юліі Цімашэнка, а наогул - у сітуацыі з правамі чалавека ва Украіне. Сітуацыя Цімашэнка – гэта толькі вяршыня айсбергу. Гэтак жа яны паводзяць сябе з тысячамі ўкраінскіх грамадзян, у тым ліку, нявінна арыштаванымі. Калі б улада вызваліла Юлію Цімашэнку, яна стварыла б прэцэдэнт. І гэта вельмі небяспечна для яе. Віктар Януковіч прыйшоў да ўлады, каб ніколі яе не аддаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі