БАЖ: незалежная прэса "дэманструе дзіўнае ўменне выжываць"

Як адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН юрыст грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец, эфектыўнымі спосабамі ціску на незалежную прэсу Беларусі, якія выкарыстоўваюць беларускія ўлады, з'яўляюцца эканамічныя і адміністрацыйныя механізмы.

"Гэта найперш розныя перашкоды, якія чыняцца, каб незалежная прэса не дайшла да чытача. Выключэнне незалежных газет з падпісных каталогаў, забарона на распаўсюд у шапіках "Белсаюздруку", адмова чыноўнікаў у падаванні інфармацыі, адмова ў наданні юрыдычных адрасоў і памяшканняў для рэдакцый, узгадненне размяшчэння рэдакцыі… У такіх умовах рэкламадаўца не жадае, а часам проста баіцца звязвацца з незалежнымі выданнямі -- гэта таксама праблема", — адзначыў А.Бастунец.

Тым не менш, на ягоную думку, галоўнай заслугай незалежнай прэсы з'яўляецца тое, што ў такіх умовах "яна выжывае і мае намер выжыць далей". "Нягледзячы на "расстрэльныя" судовыя пазовы, на тое, што журналістаў збіваюць, забіраюць у міліцыю, саджаюць на суткі, а то і на гады, нягледзячы на брутальныя ператрусы і канфіскацыю тэхнікі, наша незалежная прэса дэманструе дзіўнае ўменне выжываць. І калі сітуацыя зменіцца, тыя, хто выжыў у гэтых умовах, пачнуць настолькі бурна развівацца, што гэта будзе падобна на выбух", — лічыць А.Бастунец.

Ён нагадаў, што, паводле Міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Рэпарцёры без межfoаў", якая ў канцы 2007 г. апублікавала чарговы штогадовы рэйтынг свабоды прэсы, Беларусь апынулася на 151-м месцы з 169 магчымых.

Па індэксе свабоды прэсы, які штогод складае амерыканскі даследчы цэнтр "Freedom House", Беларусь займае 188 месца сярод 195 краін. Летась, па даследаваннях гэтага цэнтра, Беларусь была на 186-м месцы.

3 траўня міжнародная журналісцкая супольнасць адзначае Сусветны дзень свабоды прэсы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі