Бекіш: З чыноўнікам і чалавекам размаўляць пра экалогію трэба па-рознаму

Еўрарадыё: Калі грамадзяне бачаць, што здарыліся нейкія экалагічныя праблемы, якія першыя крокі, што ім трэба рабіць?

Яраслаў Бекіш: Па-першае, трэба звярнуцца ў адпаведныя органы ўлады. Адразу не патрэбна збіраць подпісы ці праводзіць нейкую кампанію, спачатку трэба вызначыцца, хто адказвае за гэту тэрыторыю ці за гэты вадаём. Потым трэба зразумець, якім чынам гэта адказнасць павінна ажыццяўляцца. Магчыма, будзе дастаткова проста звярнуцца, скажам, у санэпідэмстанцыю, і праблема будзе вырашана ўжо на такім этапе. У прынцыпе, зварот грамадзян чыноўнікі не маюць права праігнараваць. Гэта дастаткова грубае парушэнне заканадаўства, якое цяпер даволі пільна маніторыцца органамі ўлады. Можна звярнуцца проста ў вышэйшы орган кіравання і паведаміць, што ў вызначаным заканадаўствам тэрміне не было адказу ці быў, але няпоўны, ці былі яшчэ якія-небудзь парушэнні з камунікацыяй.

Еўрарадыё: Ці часта звяртаюцца людзі ў вашу арганізацыю і з якой праблемай?

Яраслаў Бекіш: У нас сетка арганізацый. Грамадзяне звяртаюцца штодзённа з вялікай колькасцю пытанняў: маленькімі ці вялікімі, пачынаючы ад зносу зялёных пасадак у дварах, парковак у зялёных зонах і нешта такое да глабальных нацыянальных праблем, як асушэнне балот на спецыяльна ахоўваемых тэрыторыях ці высечка цэлых паркаў, лясных масіваў, будаўніцтва аб’ектаў, якія нанясуць шкоду экалагічнай абстаноўцы ў рэгіёне. Звяртаюцца пастаянна, і ў большасці выпадкаў атрымліваецца дапамагчы мясцовым жыхарам упарадкаваць гэты працэс, прыпыніць ці неяк па-іншаму накіраваць.

Еўрарадыё: Раскажыце падрабязней, калі атрымалася вырашыць праблему, скажам, нацыянальнага маштабу?

Яраслаў Бекіш: Некалькі гадоў таму, напрыклад, была прынята пастанова Савета міністраў аб тым, што неабходна для здабычы торфу асушыць шэраг балотных тэрыторый. Некаторыя з тых тэрыторый адносіліся да “асабліва ахоўваемых”, што было дастаткова няўзважаным рашэннем, і ў многіх рэгіёнах мясцовыя жыхары былі занепакоеныя. З’явілася цэлая грамадская кампанія за ахову беларускіх балот, на падставе якой потым з’явілася грамадская арганізацыя “Багна”. І за тры гады ўсе балоты, якія знаходзіліся на тэрыторыі “асабліва ахоўваемых” мясцовым жыхарам удалося адстаяць. Практычна, насуперак Савету міністраў законнымі шляхамі, выкарыстоўваючы прававыя механізмы, якія існуюць у Беларусі.

Еўрарадыё: У вашай сетцы ёсць арганізацыя ”Багна”, якая займаецца аховай і змаганнем за захаванне балот. Але што б вы сказалі простаму чалавеку ці чыноўніку, каб іх пераканаць, навошта нам патрэбныя балоты?

Яраслаў Бекіш: Для простых людзей балоты, часцей за ўсё, гэта нейкі вобраз, каштоўнасць, нешта метафізічнае ў самім сабе. Цудоўна, што яно ёсць. Для органаў улады, і каб іх там пераканаць, трэба аперыраваць катэгорыямі права і эканамічнай выгадай. Таму што большасць рашэнняў прымаюцца ў спробе атрымаць эканамічную выгаду.

У кароткатэрміновай перспектыве сапраўды можна нешта зарабіць на знішчэнні нейкага прыроднага аб’екта, у доўгатэрміновай перспектыве ― гэта абсалютная эканамічная страта. Таму з мясцовымі жыхарамі гэта адна размова: культурныя праекты, фільмы, выставы, канцэрты, адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы, а з органамі ўлады гэта зусім іншы фармат працы: альтэрнатыўныя эканамічныя ацэнкі, перамовы з магчымымі пакупнікамі, моцныя лабісцкія прыёмы. Збор подпісаў ― адзін з тых пунктаў, ён зусім не крытычны і больш разлічаны на прыцягненне ўвагі грамадскасці, чым на тое, што гэтыя подпісы нібыта пераканаюць чыноўнікаў у тым, што яны не маюць рацыі. Заўсёды розныя метады, у залежнасці ад таго, да каго скіравана пасланне.

Еўрарадыё: Калі браць, напрыклад, Магілёў, дзе “памерла” возера Святое, атрымліваецца, што сапраўды трэба людзям тлумачыць, навошта нам чыстая вада, свежае паветра?

Яраслаў Бекіш: Трэба разумець, што цікавіць простага чалавека. Зусім нядаўна замаўлялі даследаванне, і вось вынікі: беларусаў хвалюе тое, што іх атачае непасрэдна. Іх цікавіць, каб быў прыгожы пейзаж, каб можна было спакойна піць ваду, есці садавіну. Іх цікавяць простыя бытавыя рэчы, звязаныя з іх камфортам і здароўем. Каб абгрунтаваць простаму чалавеку, у чым каштоўнасць возера і балота, трэба і аперыраваць гэтымі катэгорыямі. Возера ― гэта прыгожа, гэта павышаны кошт участка, які знаходзіцца побач, ці ўвогуле на беразе, гэта магчымасць арганізоўваць рыбалку, адпачываць і г.д. Магчыма, гэта возера мае нейкую культурную ці гістарычную каштоўнасць, на яго берагах адбываліся нейкія падзеі. Для простых людзей гэтыя зразумелыя жыццёвыя перакананні самыя правільныя. Звычайна людзі, якія жывуць на сваёй зямлі, шануюць, што маюць. Часам ім трэба падказаць, што хутка, пры пэўных абставінах, гэтага возера, лесу ці балота можа не быць. Трэба задаць ім правільныя пытанні, дапамагчы зразумець працэдуру, у якой яны могуць прыняць удзел у працэсе вырашэння. Гэта ў нас забяспечана законам, але слаба пакуль выкарыстоўваецца.

Еўрарадыё: Наколькі недасканалае нашае заканадаўства, ці можа з ім ўсё добра, а яно проста не выконваецца?

Яраслаў Бекіш: З аднаго боку, беларускае заканадаўства аховы прыроды дастаткова добрае, калі параўноўваць з суседнімі краінамі. У некаторых выпадках, яно нават больш жорсткае, чым напрыклад, заканадаўства Еўрапейскага Саюза. З іншага боку, Беларусь ратыфікавала Орхускую канвенцыю.

А трэцяе, што трэба сказаць, беларускае заканадаўства пастаянна развіваецца. Нашы калегі, якія ўваходзяць у таварыства “Зялёная сетка”, пастаянна знаходзяцца ў нейкай камунікацыі, як мінімум, з Міністэрствам прыродных рэсурсаў. У нас ёсць прапановы і пратэсты, нас запрашаюць у працоўныя групы, калі рыхтуюцца праекты тых ці іншых законаў. Некаторыя нашы прапановы ўлічваюцца, некаторыя не, але ўвогуле гэта дастаткова доўгі працэс, і мы пастаянна ім займаемся.

Фота: nv-online.info

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі