Беларусь чытае: як перадаць у турму кнігі і якое чытво лепш заходзіць
Вокладка кнігі Марка Мэнсана на фоне СІЗА на Валадарскага / Еўрарадыё
За час дэманстрацый пасля выбараў у Беларусі прайшло больш за 13 тысяч затрыманняў. У ізалятарах на сутках пабывалі тысячы грамадзян Беларусі. Мы даведаліся, як перадаць ім кнігі, і распыталі ў "сядзельцаў" з розных ізалятараў, якое чытво лепш заходзіць за кратамі.
ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна
У адрозненне ад СІЗА правілы ЦІП і ІЧУ не забараняюць перадаваць кнігі. Чытанне — адна з нешматлікіх даступных забаў за кратамі.
Аляксандр Васюковіч, фатограф.
Затрыманы пасля мітынгу ў бары 1067. 11 сутак у ЦІП на Акрэсціна.
— Мне перадалі "Аднапавярховую Амерыку" і "У дарозе" Керуака. Я амаль яе дачытаў. Іх перадалі мне мае знаёмыя, бо ведалі даўно, што я хачу іх прачытаць, — расказвае Аляксандр. — Наогул, я прабыў няшмат, але прачытанне кнігі расцягваў, каб яе даўжэй хапіла, таму што незразумела, калі перададуць наступны раз. Я стараўся чытаць па 100-150 старонак. Мы з сукамернікамі то садзіліся размаўлялі, то проста пачыналі масава чытаць.
Аляксандр расказвае, што ў іх было прынята абменьвацца кнігамі з сукамернікамі. Так ён абмяняў "У дарозе" на кнігу сукамерніка "Кветкі для Элджэрнона".
— Аказалася, што ў гэтай кнізе яму былая дзяўчына перадавала запіску паміж радкоў. Таму я яе забраў з сабой, каб яму перадаць яе потым назад. Таму што яна, відавочна, яму дарагая як памяць.
Турма №8 у Жодзіне
Мікіта Пятроўскі, барыста ў "Мануфактуры".
15 сутак пасля акцыі пратэсту, з іх 12 — у Жодзіне.
— Я першапачаткова быў у Мінску, але потым нас перавялі ў Жодзіна. Не ведаю чаму, магчыма праз тое, што не хапала месцаў, — расказвае Мікіта. — Бібліятэкі ў Жодзіне, на жаль, няма. Там наогул асобны корпус для палітычных. Але кнігі можна перадаваць, у дзень прыёму перадач — у серады.
Мікіту ў перадачах прыйшлі дзве кнігі: "Удушша" Паланюка і "Мой любімы спадарожнік" Муракамі.
— Гэта быў трохі дзіўны выбар для месцаў зняволення, але я прачытаў "Удушша" цалкам. "Удушша" — цікавая кніга, мне спадабалася. А вось "Мой любімы спадарожнік" да канца не паспеў дачытаць. Я наогул кнігі не шмат чытаю ў штодзённым жыцці. Але ў гэтых месцах кнігі — гэта забава.
Як кажа Мікіта, сукамернікі чыталі зусім розную літаратуру, ад матывацыйнай да рэлігійнай.
— Калі перасеклі медыяну тэрміну, то час пайшоў хутчэй і весялей. У мяне была яшчэ адна кніга Паланюка, але неяк зусім не зайшла. Я пачаў чытаць — першыя 20 старонак наогул не складваліся. Таму адклаў і прывёз з сабой.
СІЗА №1 МУС Беларусі ("Валадарка")
Правілы СІЗА №1 гавораць, што ў перадачах не прымаецца мастацкая літаратура. Але і яе, і газеты асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, могуць браць у бібліятэцы СІЗА. Таксама можна набываць для сябе літаратуру праз адміністрацыю СІЗА — у крамах па безнаяўным разліку. І падпісвацца на газеты і часопісы.
Антон Шумаў, фігурант "справы 14 ліпеня".
Два месяцы ў СІЗА.
— Раз на два тыдні па калідорах ездзіць хтосьці тыпу бібліятэкара і развозіць кніжкі, — расказвае Антон. — Можна пакінуць заяўку на наступны развоз: аўтар, назва кнігі. Там паглядзяць. Калі такія кнігі ёсць, яны прывязуць. Кніга даецца на камеру, запісваецца на зняволенага. Тэрмін на прачытанне — два тыдні.
Паколькі кнігі перадаваць нельга, то ёсць лайфхакі, расказвае Антон: "У той момант, калі вас затрымліваюць, з сабой можна ўзяць нейкія рэчы. У гэтым выпадку ты можаш узяць мастацкую літаратуру ў асабістыя рэчы, з якімі цябе прывозяць. То-бок гэта будзе не перадача, а асабістая рэч".
Антон заказаў "з волі" "Шантарам", "Трансерфінг рэальнасці", "Атлант расправіў плечы". Пасля вызвалення ён пакінуў іх у камеры.
— Наогул у маёй камеры чыталі не вельмі шмат. Але ў ёй была свая бібліятэка, якая складалася з кніг, што пакінулі папярэднія зняволеныя, якія вызваліліся альбо паехалі на лагер. Наогул шмат кніг прачытаў у камеры за два месяцы. "Сэрца на далоні" Шамякіна, Пялевіна, які быў у майго сукамерніка. Перачытаў свае кнігі, ну і да ўсяго трапіліся пару бульварных дэтэктываў з агульнай бібліятэкі.
Па словах Антона, у СІЗА карыстаюцца попытам кнігі па самаразвіцці, матывацыі і рэлігіі.
— У нас у камеры быў чалавек, у якога была кніга "Курыны булён для душы" і шмат эзатэрычнай літаратуры, у якой тэматыка: вер у сябе, усё атрымаецца. Вельмі шмат кніг пра тое, як правільна спланаваць свой дзень, як правільна мысліць і дамагацца поспеху. Я разумею, чаму яны там: яны цябе матывуюць і надаюць нейкую надзею, што ўсё будзе добра і абавязкова ўсё скончыцца. Што тваё знаходжанне за кратамі не бясконцае, а калі-небудзь усё пройдзе, і жыццё на гэтым не канчаецца.
Што яшчэ чытаюць у беларускіх турмах
Бізнесмен Аляксандр Васілевіч расказаў у лісце, што кнігі перадаваць у СІЗА на Валадарскага нельга, але калі іх раздрукаваць або адсканаваць і адправіць лістом — то фактычна можна. Адсканаваныя кнігі на англійскай мове не пройдуць, бо "складана ацаніць змест:)))". Таксама ў лісце ён дзякуе за перададзеныя кнігі: "Тэмы культуры і дызайну заходзяць не менш, чым эканоміка. Не чытаў якраз, таму дабіваю "Баўдаліна" Умберта Эка і пераходжу да заснавальніка баўхауса, клас".
Аляксандра Зверава, дзяўчына Эдуарда Бабарыкі, расказвала ў сацыяльных сетках, што Эдуард Бабарыка заказаў сабе кнігі па шахматах.
Алена Карагачава, экс-памочніца Бабарыкі, у інтэрв'ю TUT.by расказвала, што "ў СІЗА нядрэнная бібліятэка, мы чыталі кнігі, было што абмеркаваць. Я брала, напрыклад, "Код да Вінчы", яшчэ "Апошнія сутаргі племя, якое не памірае" Эфраіма Севелы — гэта твор пра праблемы яўрэяў у Савецкім Саюзе. Я знайшла там шмат цытат, якія падыходзяць пад наш час, — проста як быццам пра нас напісана".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.