Беларусь дамовілася з Расіяй пра кампенсацыю страт ад падатковага манеўру
Перамовы прайшлі з ініцыятывы беларускага боку 7 кастрычніка ў Сочы.
У іх удзельнічалі прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, прэм'ер Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў і віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч.
Як паведаміў Дварковіч, па выніках перамоваў была дасягнутая дамоўленасць аб парадку залічэння мытаў на нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі ў 2015 годзе, "у рамках пагадненняў аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза". "Дамоўленасці ўлічваюць як раней дасягнутыя дамовы аб аб'ёмах паставак нафты і нафтапрадуктаў, так і разліковыя страты бюджэту Рэспублікі Беларусь ад "вялікага падатковага манеўру", — цытуе словы Аркадзя Дварковіча РІА "Новости".
Нагадаем, наша краіна штогод пералічвае ў расійскі бюджэт каля 4 млрд долараў мытаў ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты, якая пастаўляецца без мытаў. А ў 2015-м Беларусь зможа пакінуць з гэтай сумы 1,5 млрд долараў. Гэтыя сродкі могуць пайсці на выплату знешняга дзярждоўгу.
Пасля таго, як расійскі ўрад распрацаваў законапраект аб падаткавым манеўры ў нафтавай сферы, беларускі бок падлічыў, што страты Беларусі ад гэтага новаўвядзення складуць 1 млрд долараў. Мінск хацеў урэгуляваць праблему да анансаванай на чацвер ратыфікацыі парламентам дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.
Як адзначае тэлеканал АНТ, дзякуючы сённяшнім дамоўленасцям у Беларусі можа застацца яшчэ не менш за мільярд долараў мытаў ад экспарту нафтапрадуктаў.
Фота — Fotolia