Беларусь наведвала чарговая дэлегацыя ЕС: ці варта чакаць прарыву ў адносінах?
Дэлегацыя Еўрапейскага саюза наведвае Беларусь 20-21 лістапада. І хоць за апошні год гэта далёка не першы прыезд у нашу краіну чыноўнікаў ЕС рознага ўзроўню, але менавіта на цяперашні візіт у Мінску варта звярнуць асаблівую ўвагу. Чаму?
Чым адметная дэлегацыя ЕС, што наведвае Беларусь?
У склад дэлегацыі ЕС уваходзяць прадстаўнікі Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўракамісіі. Узначальвае дэлегацыю ― кіраўнік згаданага Камітэта Уолтэр Стывенс. Камітэт гэты ― пастаянная структура Савета ЕС, у склад якой уваходзяць паслы краіны ЕС, якія працуюць ў Бруселі. Задача Камітэта адсочваць міжнародную сітуацыю ў сферах, на якія распаўсюджваецца знешняя палітыка і палітыка бяспекі ЕС. Адпаведна, ад Камітэта шмат залежыць ― як і з кім ЕС будзе весці палітычны дыялог. Зразумела цяпер, чаму за апошнія два гады Аляксандр Лукашэнка сустрэўся толькі з еўракамісарам па палітыцы суседства і пашырэння Ёханэсам Ханам і з гэтай дэлегацый ЕС? А лік дэлегацый і чыноўнікаў рознага ўзроўню з Еўрасаюза, якія за гэтыя апошнія два гады наведалі Беларусь, ідзе на дзясяткі.
Што карыснага можа атрымаць Беларусь у выніку візіту чарговых гасцей з ЕС?
“Краіны Еўрапейскага саюза хочуць распачаць новую главу ў адносінах з Беларуссю”, ― заяўляе старшыня Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС Уолтар Стывенс на сустрэчы з кіраўніком Беларусі.
Толькі справа ў тым, што гэты візіт ― у любым выпадку новая глава ўзаемаадносінаў паміж Беларуссю і ЕС. А ўсё таму, што раней з боку гэтай структуры ЕС, якая займаецца пытаннямі бяспекі і абароны, да нашай краіны не было ніякай цікаўнасці.
Калі раней не вялося гаворкі пра нейкія стратэгіі ў дачыненні да Беларусі і не было выпрацавана ніякага паслядоўнага падыходу, то акурат візіт цэлага Камітэта дае надзею, што большасць сяброў гэтага Камітэта зразумее: што такое Беларусь, што тут адбываецца, якія перад намі і перад палітыкамі ЕС у гэтым рэгіёне стаяць выклікі. І, магчыма, прыкладуць намаганні да таго, каб у дачыненні да Беларусі быў больш прапрацаваны падыход. То бок, гэта ўжо сістэмны крок, які паказвае, што з еўрапейскага боку ёсць зацікаўленасць, якая можа трансфармавацца ў нейкую канкрэтную палітыку.
Чаму пасля “замарозкі” адносінаў у 2010 годзе ЕС наноў “палюбіў” Беларусь?
Пасля прэзідэнцкіх выбараў выбараў 2010 года адносіны Беларусі і ЕС “пахаладалі”. Нават хадзілі чуткі, што існуе негалосная забарона на візіты ў нашу краіну высокіх чыноўнікаў Еўрасаюза. Але раптам ўсё змянілася. Прычым, не пасля вызвалення ўсіх палітвязняў у жніўні 2015 года, і нават не пасля зняцця санкцый з беларускіх чыноўнікаў, а раней ― у 2014 годзе. Што здарылася? Здарыліся анексія Крыма Расіяй і вайна на Данбасе.
“Тады ў Еўрапейскім саюзе зразумелі, што Беларусь нешта робіць не ў рэчышчы расійскай палітыкі ― тады яны паехалі да нас масава. Але быў не толькі чыннік бяспекі, а яшчэ і эканамічны. Калі Расія наклала на ЕС “антысанкцыі”, тады адразу да нас і польскі міністр сельскай гаспадаркі прыехаў, і латвійскія дэлегацыі, і літоўскія”, ― нагадвае Дзяніс Мельянцоў.
З таго часу ў Мінску пабывала дэлегацыя Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў на чале з Гунарам Вігандам, дэлегацыя на чале са спадаром Хеліадора Тэмпрана Ароя з Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па эканамічных і фінансавых пытаннях, прайшоў “Дыялог па правах чалавека” з удзелам дэлегацыі Еўрапейскага саюза на чале кіруючага дырэктара па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томаса Маер-Хартынга, у Мінску працуе Каардынацыйная група ЕС-Беларусь і гэтак далей.
Як вынік, падпісаныя шэраг дамоў па супрацоўніцтве ў розных сферах, знятыя еўрапейскія санкцыі.
“Але тыя спадзяванні (на змены ў Беларусі ― Еўрарадыё), якія былі ў еўрапейцаў у сувязі з вызваленнем палітвязняў і правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, застаюцца на ранейшым узроўні. Нічога сур’ёзнага не адбываецца ў Беларусі ні з паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека, ні ў плане дэмакратычных, ні ў плане эканамічных рэформаў. Калі сітуацыя ў такім стане і застанецца, то Беларусь можа сысці з парадку дня еўрапейскіх палітыкаў і нам спадзявацца на тое, што тут адбудуцца нейкія перамены, увогуле не давядзецца”, ― упэўнены старшыня Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.
Навошта ЕС імкнецца наладзіць адносіны з афіцыйным Мінскам?
Нягледзячы на тое, што “прарыву” ў адносінах з ЕС мы не назіраем, але, кажа Мельянцоў, ужо ёсць шмат сумесных праектаў і дамоў у галіне гандлю, адукацыі, аховы навакольнага асяроддзя, якія вельмі карысныя для нашай краіны. А што атрымлівае ЕС?
“Для іх важна, каб Беларусь была прадказальнай. Каб мяжа з ЕС была надзейна зачыненай і кантралявалася, каб тут не адбывалася нічога такога, што магло б выклікаць хвалю міграцыі. Каб Беларусь падтрымлівала свой сітуацыйны нейтралітэт адносна Украіны і не падтрымлівала расійскія вайсковыя акцыі”, ― кажа Дзяніс Мельянцоў.