Беларусь патлумачыла, чаму выраслі пастаўкі яблык у Расію
Кажуць, што дапамог добры леташні ўраджай, а не рээкспарт з краін Еўрасаюза.
Пастаўкі беларускіх яблыкаў у Расію выраслі на фоне спрыяльных эканамічных фактараў. Пра гэта, як інфармуе БЕЛТА, паведаміў дырэктар галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Леанід Пляшко.
Па словах эксперта, летась у Беларусі быў сабраны добры ўраджай яблык. Пачалі пладаносіць многія маладыя сады. Пастаўкі павялічыліся і таму, што ўвесну прадаваць сельгаспрадукцыю традыцыйна становіцца больш выгадна, чым у сезон. Дапамагла продажам і стабілізацыя расійскага рубля, кажа Пляшко.
Нагодай для выступу беларускага спецыяліста сталі нядаўнія заявы Рассельгаснагляду. На днях расійскае ведамства адзначыла рэзкі рост паставак у Расію яблык з Беларусі. Таксама расійскія эксперты занепакоеныя тым, што Беларусь займаецца рээкспартам яблык з краін, на якія Расія наклала харчовае эмбарга.
У сваю чаргу, Пляшко адзначыў, што Беларусь прадпрымае вычарпальныя меры, каб не дапусціць рээкспарту забароненай прадукцыі на тэрыторыю Расіі. Так, у 2014 годзе беларускія эксперты не пусцілі ў Расію каля 29 тысяч тон прадукцыі з-за сумнеўных сертыфікатаў.
Фота — sb.by