Беларусь трапіла ў дзясятку краін з найменшай свабодай СМІ
Беларусь трапіла ў дзясятку краін з найменшай свабодай СМІ. Гэта вынікае з новага даклада арганізацыі Freedom House, у якім даецца ацэнка ступені свабоды слова ў 199 краінах свету. У гэтым спісе Беларусь апынулася на 192 месцы. Пры тым Крым мае 195-е, Узбэкістан і Туркмэністан адпаведна 197-е і 198-е. Самы апошні радок займае Паўночная Карэя, паведамляе Радыё Свабода.
Узровень свабоды слова ў свеце летась апусціўся да самага нізкага ўзроўню за апошнія 12 гадоў. Freedom House адзначае, што захады супраць свабоды прэсы былі найбольш моцнымі на Блізкім Усходзе і ў Турцыі, дзе ўрады і групы баевікоў ціснулі на журналістаў і СМІ, каб тыя займалі пазіцыю “з намі ці супраць нас”.
Самым небяспечным месцам ў свеце для журналістаў застаецца Сірыя, дзе летась былі забітыя прынамсі 14 журналістаў. Тры сірыйскія журналісты былі забітыя ў Турцыі, па ўсёй верагоднасці баевікамі тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава”.
Дакумент таксама характарызуе Расію як “наватара сучаснай дзяржаўнай прапаганды”, які зрабіў больш жорсткім інфармацыйны кантроль дома, а таксама актывізаваў намаганні, каб маніпуляваць сродкамі масавай інфармацыі ў “геапалітычна значных” суседніх дзяржавах, такіх як Украіна, Малдова, краіны Балтыі і Цэнтральнай Азіі. Паводле аналітыка Freedom House Алены Агхелян, асабліва глабальны характар набыла прапаганда праз спадарожнікавы канал “Спутник”.