Беларусь звярнулася ў ААН у справе санкцый Еўрасаюза і ЗША
Прадстаўнік МЗС заклікаў вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека звярнуць увагу на санкцыі, уведзеныя ЕС і ЗША ў адносінах да шэрагу краін.
Пра гэта заявіў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Яўген Лазараў, выступаючы падчас інтэрактыўнага дыялогу з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека ў Жэневе.
"У сваім дакладзе аб парушэнні правоў чалавека ў 2012 годзе Беларусь зафіксавала звыш 200 найбольш грубых парушэнняў у краінах ЕС, Нарвегіі, Швейцарыі, ЗША, Канадзе, — цытуе словы Лазарава БелаПАН. — Вярхоўны камісар і яго шматлікі апарат не зафіксавалі ніводнага... публічна каментуюць толькі сітуацыю ў Афрыцы і Азіі".
Прадстаўнік МЗС Беларусі зрабіў выснову, што татальная залежнасць Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ад фінансавання з боку ЕС і ЗША фактычна паралізуе яго працу. Пры гэтым Беларусь гатовая дапамагаць яму ў выяўленні парушэнняў правоў чалавека.