Літоўскі фэст Galapagai абвяшчае незалежнасць і прапануе візы беларусам!

1-2 жніўня ў мястэчку Езяросы (Zarasai), што на мяжы Літвы, Латвіі і Беларусі, пройдзе фестываль Galapagai (Галапагосы). Фэст праводзіцца на маляўнічым востраве пасярод возера.

Сярод хэдлайнераў у гэтым годзе — The Baseballs (Германія), Supersci (Швецыя), Mr. Woodnote (Вялікабрытанія). Выступяць на фэсце і беларускія гурты "Крамбамбуля" і "Без білета". Акрамя таго, сёлета абвешчана пра пераўтварэнне Galapagai ў незалежную дзяржаву. Яго афіцыйны дэвіз: "Магчыма ўсё!".

У канстытуцыі дзяржавы Galapagai запісана, што прэзідэнтам можа стаць любы музыка, які выйдзе на сцэну фэсту і ўбачыць найбольшую колькасць узнятых рук. У гэтай краіне няма парламента, затое ёсць шмат бараў. Пры гэтым, у ёй афіцыйна забаронена працаваць усім, акрамя арганізатараў, а дзень цягнецца 72 гадзіны. Каб стаць грамадзянінам Galapagai,дастаткова набыць квіток на фэст.

Беларусам, якія пажадаюць наведаць фестываль арганізатары прапануюць дапамогу ў атрыманні бясплатных віз з тэрмінам знаходжання з 1 да 3 жніўня ўключна. Каб атрымаць візу, трэба спачатку зарэгістравацца на падачу дакументаў у пасольстве Літоўскай Рэспублікі не пазней за 23 ліпеня (http://by.mfa.lt) і раздрукаваць пацверджанне рэгістрацыі.

Пасля можна набыць квіток (з 23 чэрвеня) у офісе агенцтва "Шаблі": горад Мінск, вуліца Чарвякова 6, пад’езд 3, цокальны паверх (з 9:00 да 19:00 гадзін у працоўныя дні) — адзін квіток на адзін пашпарт. Падача дакументаў на візу спрошчаная — не патрэбныя даведка з месцы працы/навучання і пацверджанне плацежаздольнасці.

Дабрацца да Езяросаў можна асабістым аўто, на цягніку з Вільні альбо адмыслова арганізаваным бас-турам.

Кошты квіткоў: стандартны (ўваход і месца ў кемпінгу) — 420 тыс. руб, аўтобусны тур у два бакі — 500 тыс. руб.. Квіткі катэгорыі "Камфорт" (намёт і спальнікі ўваходзяць у кошт): на 2 чалавекі — 1млн. 900 тыс. руб., на 3 чалавекі — 2 млн. 720 тыс. руб., на 4 чалавекі – 3 млн. 550 тыс. руб.

Сайт фестывалю – www.galapagai.lt

Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596; +375 29 6555596, +375 17 395 05 65.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі