Беларусам рассылаюць вірусы праз SMS
На тэлефоны беларусаў сталі прыходзіць небяспечныя паведамленні.
Пра гэта гаворыцца ў інфармацыі МУС, размешчанай у твітэры, паведамляе БЕЛТА.
“З учорашняга праз SMS-паведамленні па Беларусі пачаў імкліва распаўсюджвацца новы вірус. Як мяркуецца, ён небяспечны толькі для смартфонаў з сістэмай Android”, — гаворыцца ў паведамленні адной з груп у соцсетках, на якую спасылаецца МУС.
На тэлефон прыходзіць SМS-паведамленне з тэкстам: “Пpивeт:-) Tебе фoто: https://materzoptom.ru/rzxf/868329010990269”.
Адпраўнікам можа быць як нумар з вашага спісу кантактаў, так і невядомы нумар.
Пры пераходзе па спасылцы, паказанай у SМS, прапануецца ўсталяваць сумніўную праграму.
Калі яе ўсталяваць, аналагічныя SМS-паведамленні будуць дасланыя ўсім людзям з спісу кантактаў у тэлефоне. Пры гэтым за кожнае з іх аператар, вядома, здыме грошы.
Улічваючы, што ў апошні час шматлікія аператары перайшлі на крэдытны метад разліку, сума можа набегчы вялікая, папярэджвае МУС. Па магчымасці ў ведамстве просяць апавясціць чалавека, які адправіў вам паведамленне, пра тое, што яго тэлефон заражаны вірусам.
У МТС парталу “Віртуальны Брэст” заявілі, што працуюць над спосабамі блакіроўкі гэтых SМS.