Беларусцы Анастасіі Пракапенка ўручылі бронзу Алімпіяды-2008
Праз 10 гадоў пасля Пекінскай Алімпіяды-2008 бронзавая ўзнагарода ўручаная лідарцы беларускай зборнай па сучасным пяцібор'і Анастасіі Пракапенка, паведамляе прэс-служба НАК Беларусі.
На тагачасных Гульнях беларуска заняла чацвёртае месца. Трэцяй на п'едэстале апынулася ўкраінка Вікторыя Церашчук. Але аналізы ўкраінскай спартсменкі пераправерылі, і яе допінг-проба паказала наяўнасць анабалічнага стэроіду турынаболу.
У адпаведнасці з рашэннем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) ўзнагарода перададзена нашай суайчынніцы.
Медаль Анастасіі Пракапенка ўручылі на чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор'і ў Мехіка (Мексіка). Дарэчы, там яна заваявала золата ў асабістым заліку і жаночай эстафеце.