Беларускага добраахвотніка не выпускаюць з Украіны ў Польшчу — "Белсат"
Юрый Кісялюк
Кіраўніцтва ўкраінскага памежнага пераходу Усцілуг не пусціла ў Польшчу беларускага добраахвотніка Юрыя Кіселюка з пазыўным "Дызель", паведамляе "Белсат".
Юрый Кісялюк ваюе ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны на баку Украіны. У Польшчу ён хацеў выехаць, каб звярнуцца па міжнародную абарону. Перад выездам ваяр падаў рапарт на звальненне з УСУ. Але ўкраінскія памежнікі не выпускаюць беларуса, бо ў яго пратэрмінаваны пашпарт.
Звычайна ў такіх сітуацыях украінскі бок запытвае палякаў, ці прымуць яны асобу без дакументаў, якая хоча ўехаць у Польшчу і папрасіць там міжнародную абарону. Калі Польшча адмаўляе, украінцы не выпускаюць такога чалавека.
Польскія памежнікі паведамілі "Белсату", што да іх ніхто з такім запытам не звяртаўся. Ва ўкраінскай памежнай службе параілі затэлефанаваць 20 чэрвеня. "Мы не кампетэнтныя, каб каментаваць гэтую сітуацыю. Трэба разбірацца", — адказалі ў Валынскім памежным атрадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.