Беларуса дэпартуюць з Украіны за незаконнае перабыванне ў краіне
Беларуса дэпартуюць з Украіны
У Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці Украіны затрымалі грамадзяніна Беларусі. Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны сцвярджае, быццам ён перабываў у краіне незаконна.
Мужчыну затрымалі 15 чэрвеня падчас аперацыі "Мігрант". За парушэнне правілаў перабывання ва Украіне яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама прынялі пастанову пра яго прымусовую высылку. "Цяпер ён знаходзіцца ў пункце часовага знаходжання замежнікаў і асоб без грамадзянства", — гаворыцца ў паведамленні.
Праблема з легалізацыяй беларусаў ва Украіне пачалася пасля шырокамаштабнай расійскай агрэсіі ў лютым 2022 года. Напад на Украіну расійскія войскі вялі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Пасля гэтага міграцыйная служба Украіны стала масава адмаўляць у легалізацыі беларускім грамадзянам. Былі зафіксаваныя неаднаразовыя факты адмоваў прымаць дакументы на падаўжэнне або атрыманне віду на жыхарства, выдаваліся прадпісанні пакінуць Украіну ў самыя кароткія тэрміны пад пагрозай пакарання і г.д. З праблемамі ў легалізацыі сутыкаліся ў тым ліку беларускія валанцёры, а таксама добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.