Беларускамоўны альбом "J:морс" яшчэ і медыяпраект

20 лістапада гурт "J:морс" выдае першы ў сваёй гісторыі беларускамоўны дыск, які атрымаў назву "Адлегласць".
Яго канцэртная прэзентацыя адбудзецца 2 снежня ў мінскім "West World Club". На кампакт-дыску будзе прадстаўлена 11 песень. Сярод іх шэсць цалкам новых запісаў, у тым ліку загалоўная песня "Беларускае золата", якая была выдадзена не так даўно ў якасці Інтэрнэт-сінгла.

Таксама на "Адлегласць" трапілі дзве беларускія версіі вядомых рускамоўных песень ("Маё сонца" і "Глядзі") і тры запісы, якія выходзілі раней на альбомах ("Так-цік-так", "Паветра" і "Жывi").

Лідар гурта Уладзімір Пугач лічыць, што "правільна будзе назваць гэтую працу ненумарным альбомам”. Разам з тым, "Адлегласць" - гэта не толькі музычны дыск, але і медыяпраект. Увосень музыкі ездзілі па Беларусі і здымалі малавядомыя славутасці краіны. На аснове гэтых здымкаў зроблены фільм "Адлегласць: Падарожжа па Беларусi", які таксама будзе прадстаўлены на кампакт-дыску. Але фільм не прэтэндуе на энцыклапедычнасць.

Дадам, што 20 лістапада разам з выхадам дыска ў краме "Містэрыя гуку" (ГЦ "Рыга") адбудзецца аўтограф-сесія гурта. А ўладальнікі мабільных тэлефонаў могуць пачуць усе песні з альбома значна раней. На афіцыйным галасавым партале гурта па нумары 460 ужо стартавала прэм'ера новага дыска.

Падрабязнасці па “Адлегласці” можна прачытаць на афіцыйным сайце "J:морс".

Фота: jmors.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі