Беларуская АЭС: Пра вялікі пажар у электрашчытавой мы не чулі
З’явілася неафіцыйная інфармацыя пра “вялікі пажар”, які здарыўся на будаўніцтве Беларускай АЭС яшчэ 17 лютага 2018 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыводзіць сведчанне свайго актывіста, жыхара Астравецкага раёна Мікалая Уласевіча. Па яго версіі, здарэнне адбылося падчас пробнага запуску абсталявання аварыйнай сістэмы абароны рэактара. Пачаўся пажар і агонь цалкам знішчыў электрашчытавую (а гэта вялікае памяшканне з дарагім абсталяваннем). Мяркуецца, што адбыліся нейкія непаладкі сістэмы. Таксама была пашкоджаная вялікая колькасць магутных электрычных кабеляў, якія былі падведзеныя да аб’екту. За два месяцы ў памяшканні шчытавой зрабілі рамонт, замянілі абсталяванне. Кабелі, якія абгарэлі, былі вывезеныя на металалом. Цалкам наступствы здарэння яшчэ не ліквідаваныя.
Уласевіч падкрэслівае, што дырэкцыя АЭС хавае гэты выпадак ад грамадскасці. Еўрарадыё датэлефанавалася да інфармацыйнага цэнтру Беларускай АЭС. Там сказалі, што “такога яны не чулі”.
Варта адзначыць, што раней Уласевіч першым паведамляў пра здарэнні на будаўніцтве АЭС (напрыклад, пра пашкоджанне корпуса рэактара), і яны пазней афіцыйна пацвярджаліся.