Беларуская апазіцыя “недапрацоўвае”? Меркаванне Аляксандра Мілінкевіча

Беларуская апазіцыя “недапрацоўвае”? Меркаванне Аляксандра Мілінкевіча

Беларуская дэмакратычная апазіцыя цяпер робіць вельмі вузкі спектр работы — так лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч. Палітык мяркуе, што трэба думаць не толькі пра сённяшні дзень, дзе ёсць “кепскі Лукашэнка, добрыя дэмакраты і цудоўны Захад”, але і заклапаціцца тым, што пачнецца пасля падзення дзейнага беларускага рэжыму.

— У першы дзень, калі Лукашэнка адыдзе са сваёй дыктатурай, мы будзем гатовы да таго, каб збудаваць тую краіну, пра якую марым? — пытаецца ў эфіры Еўрарадыё Аляксандр Мілінкевіч. — Многія лічаць, што адразу з’явіцца дэмакратычнае еўрапейскае шчасце. Але менавіта ў той момант пачнецца шалёная барацьба за Беларусь. З той прычыны, што для Расіі гэта апошняя краіна, якую на сто адсоткаў трэба ўтрымаць пасля адыходу Украіны.

— На якім фоне пачнецца гэта барацьба? — працягвае палітык. — У тым ліку і санкцыі гэтаму спрыяюць. Мы разумеем, што санкцыі — гэта двугостры меч, і эканоміка будзе слабейшая ў выніку развіцця гэтых падзей. Людзі будуць думаць больш пра страўнік, чым пра вольнасць і дэмакратыю.

Расія ў гэты момант скажа: у нас ёсць кандыдат, ён прынясе магчымасць далучыцца да дзвюх труб, газавай і нафтавай. Захад разам з МВФ скажа, што ў нас ёсць грошы, мы заплацім, але паясы зацягнуць і рабіць рэформы. І ў той момант нават дэмакратычна настроеныя людзі, калі мы не будзем працаваць з імі ўжо сёння, могуць сказаць: “Ведаеце, ну трэба сям’ю карміць”. Мы зусім не гаворым пра тое, як і якую Беларусь будзем будаваць.

Беларуская апазіцыя “недапрацоўвае”? Меркаванне Аляксандра Мілінкевіча
Пікет па зборы подпісаў у Мінску, 2020 год / Еўрарадыё

Эканамічныя праграмы на выпадак змены ўлады ў тых жа дэмакратычных штабоў напэўна ёсць. Чаму ж тады, на думку Мілінкевіча, цяпер не гаворыцца пра “будоўлю Беларусі”?

— Я кажу пра інфармацыйнае суправаджэнне гэтых рэформаў, — адказвае палітык. — Хто ў Беларусі — нават з дэмакратычных людзей — добра ведае, што прапануюць у гэтых распрацаваных і даволі дасканалых рэформах? Нам не хапае медыйнага суправаджэння ўжо сёння. Людзі павінны паверыць, што ў нас ёсць шанец, у нас ёсць кадры. Словы аб тым, што “мы маем” [план адраджэння Беларусі. — Еўрарадыё] і “потым вам скажам”, не спрацуюць. Праца з людзьмі зараз мусіць быць, людзі павінны паверыць, што не ўсё прапала.

А як і каму “працаваць з людзьмі”, калі нават у інфапрасторы на месцы незалежных СМІ засталося “выпаленае поле”?

— Інтэрнэт на Беларусі існуе. Я не думаю, што інтэрнэт будзе адключаны, таму што гэта вельмі кепска для эканомікі. Стварыць атмасферу пазітыву — вось гэтага не хапае. Не толькі казаць, што “ой, дыктатура”, але і казаць пра тое, што мы можам, ведаем як і будзе вось так. Не хапае папулярызацыі рэформаў.

Згадзіцеся, што гэта суперважна. Мы зараз не можам усім заплаціць зарплаты, калі яны памяншаюцца. Але даць шанец на святло ў канцы тунэля праз заўтрашняе дэмакратычнае шчасце і зробленыя рэформы мы павінны, — падкрэслівае экс-кандыдат у прэзідэнты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі