Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам сусветнай прэміі ЮНЕСКА
Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам сусветнай прэміі ЮНЕСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. 27 красавіка журы прэміі агучыла адпаведнае рашэнне.
"Ад самага дня заснавання ў 1995 годзе і да сёння галоўная місія нашай арганізацыі — абарона правоў журналістаў і медыя. На жаль, апошнія гады беларускі медыясектар вымушаны працаваць пад ударам небывалых рэпрэсій з боку ўладаў", — каментуе прэс-служба БАЖ.
У арганізацыі зафіксавана больш за тысячу выпадкаў парушэння правоў журналістаў: арышты, ператрусы, гвалт супраць прадстаўнікоў медыя. На сёння за кратамі знаходзяцца 24 прадстаўнікі беларускіх СМІ.
Дарэчы, і сама недзяржаўная журналісцкая арганізацыя 27 жніўня 2021 года была пазбаўленая юрыдычнай рэгістрацыі.
"БАЖ расцэньвае высокую ўзнагароду ЮНЕСКА як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.