Беларуская эканоміка будзе расці кітайскімі тэмпамі?

На эканамічнай нарадзе прэзідэнт Беларусі нечакана запатрабаваў росту эканомікі на 20% на наступны год.
“Мы спрачаемся, які ВУП павінен быць у 2008 годзе. Ды пры такім высокім попыце на нашу прадукцыю прырост ВУП павінен быць усе 20%. Трэба дзякаваць Богу за такую станоўчую для нас сітуацыю ў сусветнай эканоміцы, калі на харчовыя прадукты – попыт, на вопратку, абутак і будматэрыялы – попыт, паспяхова пастаўляецца на экспарт прадукцыя БелАЗа і МТЗ”, - цытуе словы прэзідэнта БЕЛТА.

Еўрарадыё звярнулася да эканамістаў, каб яны патлумачылі, ці магчымы такі рост і ці патрэбны ён нам.

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў кажа, што ВУП – гэта галоўны эканамічны паказчык краіны, таму што з яго выплочваюць заробак і пенсіі:

“Мы вырабілі 89 мільярдаў долараў, пасля гэтага 43% мы бяром на заробкі, адсоткаў 10 – на пенсіі, 20-25 – на інвестыцыі…

Дабрабыт насельніцтва, заробкі, пенсіі, усё залежыць толькі ад аднаго – як шмат мы вырабілі прадукцыі і паслуг у краіне, а гэта і ёсць ВУП”.

Міхаіл Кавалёў лічыць, што максімум, чаго можа чакаць ад беларускага ВУП, – гэта 11-12% росту, а лічбу 20% Лукашэнка назваў у запале:

“Натуральна, што ў палеміцы ён няправільна назваў лічбу 20, яна занадта вялікая. Але тое, што мы зможам дабіцца 11-12% ў наступным годзе, – гэта рэальна”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук, наадварот, мяркуе, што ў наступным годзе рост эканомікі можа быць нават меншым, чым сёлета:

“На працягу апошніх 7 гадоў наша гаспадарка расла тэмпамі 8% ВУП, гэта менш за краіны Балтыкі, але тым не менш – гэта вельмі многа. Але калі мы паглядзім, за кошт чаго быў гэты рост, мы ўпэўнімся, што тых чыннікаў, якія паўплывалі на рост гаспадаркі Беларусі на працягу апошніх сямі гадоў, у 2008 годзе будзе значна менш, таму спадзявацца на рост у 20% проста няма ніякіх падставаў”.

Па словах эканаміста сярод чыннікаў, якія забяспечвалі рост ВУП у 8%, - магутны энергетычны грант Расіі (каля 15-17% ВУП), доступ да расійскага рынку, які не мелі ні Польшча, ні Украіна, ні Малдова, ні краіны Еўрасаюзу, добрая кан’юнктура на калійныя ўгнаенні і на металы. Раманчук зазначае, што ў 2008 годзе ўсяго гэтага можа не быць:

“Усе тыя чыннікі, якія забяспечвалі рост, яны не будуць так ярка праяўляцца ў 2008 годзе. Таму што і газ будзе для нас даражэйшым, і схемы пастаўкі сырой нафты будуць іншыя, я думаю, што і Расія пасля прэзідэнцкіх выбараў будзе больш арыентавацца на абарону свайго рынку ад беларускіх тавараў, таму што яна не атрымала тых палітычных дывідэндаў, на якія разлічвала”.

Эканаміст кажа, што хутчэй за ўсё сёння расце гаспадарка Азербайджана, і гэта – менш за 20%:

“Калі нехта кажа, што яго гаспадарка падрасце на 20% ВУП, ён альбо не ведае што такое ВУП, альбо проста – Мюнхаўзен.

Краіна, якая расце хутчэй за ўсё на свеце, – гэта Азербайджан, ён расце недзе тэмпамі 15-18% на працягу апошніх 6 гадоў. Але ў Азербайджана ёсць вельмі магутны цягнік гэтага росту – гэта нафта”.

Цікава, што амерыканская эканоміка расце на 3-4% у год, французская яшчэ меней – на два. Эканамісты тлумачаць, што калі краіна мае вельмі вялікі ВУП, ёй ужо будзе цяжка яго нарасціць:

“Тэмп росту ў іх меншы, таму што яны ужо выйшлі на вельмі высокі ўзровень, і таму яго цяжка нарошчваць. Калі людзі выйшлі на вельмі высокую вытворчасць працы, то павялічыць яе на працэнты будзе вельмі складана”.

Міхаіл Кавалёў адзначыў, што вытворчасць працы ў Беларусі ніжэй, чым у Францыі ці Германіі, а ВУП на душу насельніцтва — дзесьці ў 4 разы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі