Беларускі парламент з апазіцыяй і без яе ― знайдзі розніцу
У Палаце прадстаўнікоў падвялі вынікі працы дэпутатаў за другое паўгоддзе 2017 года. Колькі законапраектаў разглядзелі, колькі прынялі. Адначасова бачна, колькі дэпутаты паспелі зрабіць за 14 месяцаў сваёй працы.
Еўрарадыё вырашыла параўнаць, чым адрозніваецца праца парламента, дзе ёсць прадстаўнікі апазіцыі (Ганна Канапацкая з АГП і Анатоль Хішчанка з ЛДПБ) і грамадзянскай супольнасці (Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы) ад іх папярэднікаў, дэпутатаў пятага склікання, сярод якіх ніякай апазіцыі не было.
Як думаеце, колькі законапраектаў за час сваёй працы дзеючыя дэпутаты адхілілі ці адправілі на дапрацоўку? Нуль!
Адметна, што гэтым жа могуць пахваліцца і папярэднікі сённяшніх народных абраннікаў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага склікання за чатыры гады працы таксама нічога не адхілілі і не адправілі на дапрацоўку.
Да прыкладу, дэпутаты парламента трэцяга склікання, дзе таксама не было ніякай апазіцыі, адхілі 16 і накіравалі на дапрацоўку 7 законапраектаў.
Якая тады розніца ― ёсць у нашым парламенце прадстаўнікі апазіцыі ці няма? Ці проста распрацоўшчыкі навучыліся бездакорна рыхтаваць законапраекты і не дасылаюць іх у парламент “сырымі”?