Беларускі праект з галаграмамі выйшаў у фінал брытанскага конкурса
Праект Kino-Mo набраў 14 188 галасоў і цяпер у фінале конкурса стартапаў.
Беларускі праект Kino-Mo набраў 14 188 галасоў і заняў першае месца у паўфінале брытанскага конкурса стартапаў Pitch to Rich. Беларусы апярэдзілі бліжэйшых канкурэнтаў на 1572 галасы. Яны выйшлі ў фінал, дзе пазмагаюцца за галоўны прыз.
Конкурс ладіць фонд Virgin Media брытанскага мільярдэра Рычарда Брэнсана. Пераможца конкурсу атрымае 150 тысяч фунтаў — гэта каля 230 тысяч долараў на раскрутку праекта і магчымасць сустрэцца з самім мільярдэрам.
Цяпер у конкурсе дзевяць фіналістаў, якіх падзялілі на 3 катэгорыі. Рычард Брэнсан і яго суддзі партнёры абяруць пераможцаў у кожнай катэгорыі 26 чэрвеня.
Беларусы спачатку прыдумалі, як выводзіць аб’ёмную выяву на колы ровара. Цяпер жа яны зрабілі прыладу, каб трансляваць галаграму ў рэжыме анлайн.
“Вы ўсе памятаеце галаграмы з “Зорных войнаў” і “Жалезнага чалавека”. Галаграмы былі на радарах шмат гадоў, але з-за вялікага кошта гэта было нечым экзатычным. Каб вывесці галаграмы на масавы рынак, Kino-Mo стварыла новы прарыў у галаграфіі”, — кажуць беларусы ў прэзентацыі свайго праекта.
Пакуль што галаграмы не выглядаюць вельмі якасна. Але прыбор можна падключыць да камп'ютара ці смартфона і трансляваць любую выяву ці відэа і не толькі ў запісе, але і стрым. У будучым гэта можа замяніць дысплэі, адзначаюць беларускія вынаходнікі.