Беларускі СК завёў крымінальную справу супраць байцоў палка імя Каліноўскага
Беларускі полк імя Каліноўскага супрацьстаіць разам з УСУ расійскай агрэсіі ва Украіне / @belwarriors
Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу ў дачыненні да стваральнікаў і ўдзельнікаў "экстрэмісцкага батальёна беларускіх наймітаў ва Украіне". Гаворка пра беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, які разам з УСУ супрацьстаіць расійскай агрэсіі ва Украіне.
Паводле версіі беларускага следства, полк стварыла група беларусаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны, Літвы і Польшчы і натхніліся ідэямі нацыяналізму. Пры гэтым полк быў створаны не толькі для "аказання ўзброенага супраціву пры правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі", але і "для наступнага ўзброенага захопу ўлады ў Рэспубліцы Беларусь", кажуць у СК.
Справа супраць кіраўнікоў і устаноўленых удзельнікаў палка заведзеная паводле арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) КК РБ. Фігурантамі крымінальных спраў таксама зрабіліся "актыўныя ўдзельнікі радыкальных ячэек на тэрыторыі Беларусі", якія планавалі далучыцца да батальёна, а таксама тыя, "хто канспіратыўна ажыццяўляў злачынную дзейнасць па ўказанні" кіраўнікоў палка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.