Беларускія НХЛаўцы пагадзіліся гуляць за зборную на чэмпіянаце свету

Сёння ў Мінск прыляцеў галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Курт Фрэйзер. Ён плануе распачаць падрыхтоўку да чэмпіянату свету, які мае адбыцца ў Канадзе ў наступным годзе.
Як распавёў Еўрарадыё генеральны менеджэр зборных Беларускай федэрацыі хакея Святаслаў Кісялёў, трэнер ужо вызначыўся са складам каманды.

Святаслаў Кісялёў: “У прынцыпе ідэя па складзе каманды ўжо ёсць. Ёсць той склад, які ездзіў у Нарвегію. У прынцыпе, вялікіх зменаў у гэтым складзе не будзе”.

Што датычыцца беларускіх легіянераў, якія гуляюць у НХЛ, то вядома, што за зборную дакладна згуляе Руслан Салей.

Святаслаў Кісялёў: “Мы, безумоўна, разлічваем на нашых легіянераў з НХЛ. Пра гэта нават пытанне не ставіцца. Адзінае, што па Андрэю Касціцыну пакуль нічога не ясна. Усё залежыць ад таго, як будзе выступаць яго клуб. Міхаіл Грабоўскі — тое ж самае, што і Касціцын.

Што датычыцца Руслана Салея… Нібыта трэцяе дзіця яны не чакаюць, таму ён дакладна будзе гуляць. Усе яны гараць жаданнем выступіць за зборную.

Два тыдні таму я сустракаўся з Грабоўскім і Касціцыным у Манрэалі. Я з імі размаўляў на гэтую тэму. Безумоўна, яны моцна жадаюць згуляць за зборную, чакаюць магчымасці выступіць і дапамагчы камандзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі