Беларуску затрымалі за падтрымку Украіны ў размове на выбарчым участку
27 лютага на выбарчым участку ў вёсцы Вольна затрымалі 51-гадовую Аксану Шэрэмета, паведамляюць праваабаронцы.
Жанчына прыйшла прагаласаваць, на ўчастку пачалі абмяркоўваць напад Расіі на Украіну. У размове Шэрэмета выказалася супраць дзеянняў Расіі, і мясцовыя жыхары выклікалі на яе міліцыянтаў.
Жанчыну даставілі ў Баранавіцкі РАУС і забралі тэлефон. Пасля прагляду сацсетак склалі пратакол за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП).
Шэрэмета даглядае маці, таму яе адпусцілі дадому, сказаўшы, што выклічуць на суд позвай.
Але зранку 2 сакавіка міліцыянты забралі яе з дому і завезлі ў суд Баранавіцкага раёна. На пытанне пра позву адказалі, што "змяніліся абставіны". Позва прыйшла праз дзень, а суд у ёй быў прызначаны толькі на 9 сакавіка.
Аднак ужо 2 сакавіка суд прызнаў Шэрэмета вінаватай і аштрафаваў на 320 рублёў (10 базавых велічыняў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.