Беларусу, які страляў у Гдыні, можа пагражаць пажыццёвае зняволенне
Беларусу, які страляў у Гдыні, можа пагражаць пажыццёвае зняволенне. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў акруговай пракуратуры ў Гданьску (туды перадалі крымінальную справу). Сцяпану Свідзерскаму не выставілі абвінавачання, ён знаходзіцца ў статусе падазраванага. Па артыкуле “Замах на забойства” (артыкул 13 параграф 1 Крыминальнага кодэксу Польшчы) можа пагражаць ад 8 да 25 гадоў зняволення, альбо нават пажыццёвае зняволенне. У пракуратуры кажуць, што абвінавачанне могуць выставіць у першай палове дня ў чацвер. Беларус знаходзіцца пад вартай. Польскія праваахоўнікі высвятляюць, ці не мае ён і польскае грамадзянства (гэта змяніла б юрыдычны статус мужчыны), а таксама правяраюць наяўнасць дазволу на зброю.
Як паведамляла Еўрарадыё, 30-гадовы грамадзянін Беларусі быў затрыманы ў будынку Thomson Reuters у Гдыні, дзе ён працаваў. Паводле адной з версій, мужчына прыйшоў у будынак са зброяй, што заўважыў адзін з супрацоўнікаў і напаў на яго. Падчас гэтай сутычкі, нібыта, і адбыліся стрэлы. Але ніхто не пацярпеў. Высветлілася, што Сцяпан Свідзерскі займаецца спортам, у яго ёсць дазвол на зброю (вінтоўку і пісталеты). На працу ён, відаць, прыехаў пасля трэніроўкі. Аднак дакладнай афіцыйнай версіі таго, што ж адбылося, пакуль няма.
Вядома, што беларус быў выключаны з ВНУ ў Беларусі пасля веснавых пратэстаў 2006 года, вучыўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага, атрымаў гістарычную адукацыю.